25 сакавіка 1918. Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі
Ідэя незалежнасці заваёўвала ўсё больш прыхільнікаў. Выканкам Рады Ўсебеларускага з'езда абвясціў яе Радаю Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). У яе склад былі ўведзеныя прадстаўнікі Віленскай Беларускай Рады, выдатныя дзеячы беларускага адраджэння браты Іван ды Антон Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі. 23 сакавіка А.Луцкевіч выступіў на паседжанні Народнага Сакратарыята. Ён гаварыў, што фармальна Беларусь застаецца тэрыторыяй Расеі, бо ні першая, ні другая ўстаўныя граматы не скасоўваюць абвешчанай на кангрэсе федэратыўнай сувязі з Расеяй. Тым часам падзеі паказалі, што спадзявацца на ўсходняга суседа нельга. Расея з Нямеччынай, не спытаўшыся ў беларусаў, падзялілі нашу зямлю паміж сабою ў выніку падпісанага бальшавікамі Берасцейскага міру. А восьмай гадзіне вечара 24 сакавіка адкрылася паседжанне Рады БНР. Праца доўжылася ўсю ноч і завяршылася прыняццем наступнага дакумента.
Акт 25 сакавіка быў рашучым пратэстам супроць падзелу Беларусі кайзераўцамі і бальшавікамі. Увесь этнічны беларускі абшар упершыню абвяшчаўся адзінаю дэмакратычнай дзяржавай. Народны Сакратарыят зацвердзіў дзяржаўную пячатку з выяваю «Пагоні». У Менску прадугледжвалася стварыць Беларускі ўніверсітэт і Беларускую калегію для падрыхтоўкі кадраў новага дзяржаўнага апарату. Адкрыліся курсы беларусазнаўства для беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Наладжваліся эканамічныя і гандлёвыя сувязі БНР з іншымі дзяржавамі. У Кіеве пачала дзейнічаць Беларуская гандлёвая палата і Беларуска-ўкраінскае таварыства збліжэння. Незалежную Беларускую Народную Рэспубліку афіцыйна прызналі Арменія, Аўстрыя, Грузія, Латвія, Летува, Польшча, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Чэхаславакія і Эстонія. Ніхто ўжо не мог заяўляць, што беларускага народа не існуе. Як бы ім таго ні хацелася, ідэю нашай дзяржаўнасці не маглі ігнараваць і бальшавікі ў Расеі, якія мусілі даць беларускім камуністам дазвол на стварэнне БССР. Дзень 25 сакавіка 1918 года стаўся пачаткам доўгага і пакутнага шляху да набыцця Беларусяй сапраўднай незалежнасці.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|