27 лістапада (9 снежня) 1891. Нарадзіўся Максім Багдановіч

Яго бацька Адам Багдановіч быў беларускім фалькларыстам, этнографам і мовазнаўцам. Літаратурныя здольнасці мела і маці - Марыя Мякота, якая памерла, калі Максіму ішоў шосты год. Будучы паэт з'явіўся на свет у Менску, але неўзабаве сям'я пераехала ў Горадню, дзе і прайшло яго ранняе дзяцінства. Пасля раптоўнай смерці маці - новы пераезд, гэтым разам у Ніжні Ноўгарад, куды бацьку перавялі на службу.

Атмасфера сям'і, культурнае асяроддзе буйнога горада, сяброўска-сваяцкія дачыненні бацькі з Максімам Горкім (яго жонка была сястрою другой жонкі Адама Багдановіча) спрыялі выхаванню эстэтычнага густу, рана абудзілі імкненне да мастацкай творчасці. Недзе паміж дзесяццю і адзінаццаццю гадамі Максім ужо спрабаваў пісаць вершы на беларускай мове, якой, жывучы ў цалкам расейскамоўным асяроддзі, авалодаў самастойна - дзякуючы беларускім выданням з бацькавай бібліятэкі, а потым і газеце «Наша Ніва». Трэба адзначыць, што Багдановіч-старэйшы не ўхваляў сынавага захаплення, мяркуючы, што беларусіка «больш замінала ягоным поспехам, чым спрыяла».

Пасля грунтоўнай хатняй падрыхтоўкі Максім вучыўся ў гімназіі - спачатку ў Ніжнім Ноўгарадзе, а потым у Яраслаўлі, куды Багдановічы пераехалі ў 1908 годзе. Прыкладна ў гэтым часе ў юнага паэта пачаўся туберкулёзны працэс у лёгкіх.

Падзеяй велізарнага значэння ў жыцці паэта стала паездка ў Беларусь улетку 1911 года, пасля заканчэння гімназіі. Яго запрасілі супрацоўнікі «Нашай Нівы» (на яе старонках у ліпені 1907 года адбыўся літаратурны дэбют Багдановіча - было надрукаванае апавяданне «Музыка», а неўзабаве і вершы) Іван і Антон Луцкевічы, якія ўжо бачылі агульнанацыянальную значнасць літаратурнага таленту беларускага юнака з Яраслаўля. Ад чэрвеня да жніўня Максім жыў у фальварку Ракуцёўшчына (паблізу ад Маладэчна), што належаў дзядзьку Луцкевічаў. Тут ён з асалодаю акунуўся ў стыхію народнай мовы. Тут напісаў дзве паэмы і шаснаццаць вершаў, што склалі выдатныя паэтычныя нізкі «Места», «Старая Беларусь» і «Мадонны».

Максімавы мары пра заняткі беларускай філалогіяй у Пецярбургскім універсітэце былі перакрэсленыя матэрыяльнымі цяжкасцямі і хваробаю. Не апошнюю ролю адыграла і пазіцыя бацькі. Паэт мусіў паступіць у юрыдычны ліцэй і толькі пасля яго заканчэння, у верасні 1916 года, здолеў пераехаць у Менск.

Ён вярнуўся на Бацькаўшчыну ўжо знакамітым паэтам.

Пры канцы 1913 года ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выйшаў ягоны зборнік «Вянок», якому наканавана было застацца адзінай прыжыццёваю кнігай. Ліцэйскія гады пазначаныя плённай публіцыстычнай і літаратурна-крытычнай дзейнасцю: адна за адной з'яўляюцца яго працы: «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця», «За сто гадоў», «Беларускае адраджэнне»... Пяру Багдановіча належаць шматлікія публікацыі ў расейскай і ўкраінскай перыёдыцы, у тым ліку грунтоўныя літаратуразнаўчыя даследванні пра Тараса Шаўчэнку. Натхнёна працаваў паэт і над перакладамі з эўрапейскіх моваў. Сцвярджаючы шырокія выяўленчыя магчымасці роднай мовы, ён адным з першых у беларускай літаратуры бліскуча працаваў у такіх складаных вершаваных формах, як санет, трыялет, рандо, актава, тэрцыны... Ён стаў адным са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу.

У 1915 годзе нарадзіўся шэдэўр Багдановічавай паэзіі - верш «Пагоня», які стаўся адным з неафіцыйных беларускіх гімнаў.

ПАГОНЯ

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За Краіну радзімую жах,
Ўспомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць:
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі - гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За Тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі Цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх, - бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

Маці родная, Маці-Краіна,
Не усцішыцца гэтакі боль!..
Ты прабач, Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь.

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць...
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У лютым 1917 года здароўе ў Максіма Багдановіча надта пагоршылася. Менскія сябры выправілі яго на лекаванне ў Ялту, але было ўжо позна. Вядома, што ў апошнія свае дні геніяльны паэт займаўся складаннем беларускага лемантара. На самай мяжы жыцця слабая паэтава рука вывела:

Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.

Уладзімір АРЛОЎ


 Далей   Назад   Зьмест   БПалічка 


Сайт создан в системе uCoz