1891. Выйшла ў свет кніга Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская»
Здарылася гэта ў кракаўскай друкарні Ўладзіслава Анчыца. Замест сапраўднага імя аўтара на выдрукаваным лацінкаю зборніку вершаў стаяў псеўданім - Мацей Бурачок. Паэту тады ішоў ужо шосты дзесятак. Францішак Бенядзікт Багушэвіч нарадзіўся 9 (21) сакавіка 1840 года ў «двары Свіраны» (цяпер Віленскі раён Летувы). Неўзабаве не надта заможная шляхоцкая сям'я пераехала ў спадчынны маёнтак Кушляны Ашмянскага павета, дзе і прайшло дзяцінства будучага пісьменніка. Адсюль ён выправіўся па навуку ў Віленскую гімназію, дзе быў у спісе вучняў, «няздольных уносіць вызначаную за навучанне плату». Гімназічнымі сябрамі Францішка былі Цітус і Канстанцін Далеўскія, Юллян Чарноўскі, Жыгімонт Мінейка, якія стануць чыннымі ўдзельнікамі паўстання 1863 года. Гімназію Багушэвіч скончыў у ліку чатырох найлепшых выпускнікоў і ў тым сама 1861 годзе паступіў на фізічна-матэматычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Вучыцца ў сталіцы, праўда, не давялося: разам з іншымі студэнтамі юнак з Кушлянаў быў адлічаны за адмову атрымаць свае заліковыя кніжкі. Гэта было пратэстам супроць новых універсітэцкіх правілаў, што абмяжоўвалі студэнцкія правы. Вярнуўшыся на Бацькаўшчыну, Францішак стаў адным з тых, хто блізка да сэрца прыняў заклік пачынальніка новай беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які лічыў, што дзеля хаўрусу ў будучай барацьбе супроць расейскага самаўладдзя паны і шляхта павінны несці ў народ - «малодшай браціі сваёй» - асвету і займацца дабрачыннасцю. І Багушэвіч пайшоў працаваць настаўнікам вясковай школкі на Лідчыне. Калі пачалося паўстанне 1863 года, ён без вагання ўзяў у рукі зброю і ўдзельнічаў у баях у аддзеле, якім камандаваў славуты камандзір інсургентаў Людвік Нарбут. У сутычцы з карнікамі ў Аўгустоўскіх лясах быў паранены. Пасля задушэння паўстання Францішку ўдалося пазбегнуць астрожнай камеры і кайданоў. Аднак цаною свабоды сталі дваццаць гадоў, пражытыя ў расстанні з роднай зямлёй. За гэты час ён атрымаў юрыдычную адукацыю ў Нежынскім ліцэі на Ўкраіне і паспеў папрацаваць судовым следчым у Чарнігаўскай, Сумскай, Бранскай і Валагодскай губернях. Толькі ў 1884 годзе ён зноў змог прайсці па дарагіх з юнацтва віленскіх вуліцах. У Вільні Багушэвіч уладкаваўся на пасаду прысяжнага паверанага судовай палаты, займаўся пераважна справамі гарадскіх беднякоў і сялян і заслужыў мянушку «мужыцкага адваката». Першыя вядомыя сёння літаратуразнаўцам вершы Францішак Багушэвіч напісаў па-польску. Па-польску ён пісаў і свае публіцыстычныя віленскія допісы, якія друкаваў у часопісе «Kraj», што выдаваўся ў Пецярбурзе. Але пісьменнік глыбока адчуваў крэўную повязь з беларускай зямлёй, яе моваю і яе народам, якому ён вырашыў прысвяціць свой талент. З гранічнай шчырасцю і болем «Мацей Бурачок» сказаў пра гэта ў сваёй «Дудцы».
Праз год у той сама кракаўскай друкарні асобнай кніжкаю выйшла апавяданне Багушэвіча «Тралялёначка». Выдадзены ў 1894 годзе другі паэтычны зборнік паэта «Смык беларускі» пачынаўся спавядальнымі радкамі:
Атрыманая ад сваяка ў 1896 годзе спадчына дазволіла паэту разлічыцца з пазыкамі, адбудаваць кушлянскую сялібу, а потым, пакінуўшы службу, цалкам аддацца творчасці. Ён піша новыя творы, працягвае складаць слоўнік беларускай мовы. Магчыма, даследнікі яшчэ змогуць высветліць лёс забароненай цэнзурай трэцяй паэтычнай кнігі Багушэвіча «Скрыпка беларуская», як і лёс празаічнага зборніка «Беларускія апавяданні Бурачка», здадзенага ў 1899-м, за год да скону аўтара, у Віленскую губернскую друкарню. Сапраўднае літаратурнае прызнанне і слава прыйшлі да яго толькі пасля смерці.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|