1884. Пачаў выходзіць часопіс «Гомон», орган беларускай фракцыі «Народнай волі»
Увесну 1881 года свет абляцела водгулле выбуху, што прагучаў на набярэжнай Кацярынінскага канала ў Пецярбурзе. 1 сакавіка ў сталіцы Расейскае імперыі быў забіты цар Аляксандар ІІ. Прысуд рэвалюцыянераў-нарадавольцаў выканаў паплечнік Соф'і Пяроўскай і Андрэя Жалябава дваццаціпяцігадовы беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі. Мары пра новае грамадства, заснаванае на прынцыпах свабоды, роўнасці і братэрства, захапілі юнака яшчэ ў гімназічныя гады. Паступленне ў сталічны Тэхналагічны інстытут і вялікія здольнасці да навукі абяцалі яму ў будучым спакойнае незалежнае жыццё і магчымасць бліскучай кар'еры. Але ён зрабіў іншы выбар. Уступіўшы ў 1879 годзе ў «Народную волю», Грынявіцкі бярэ чынны ўдзел у рэвалюцыйных гуртках, збірае сродкі на патрэбы палітычных вязняў, пашырае падпольную літаратуру і супрацоўнічае ў «Рабочей газете», працуе ў «нябеснай канцылярыі» - нелегальным пашпартным стале, дзе фабрыкаваліся неабходныя рэвалюцыянерам дакументы. Адначасова ён, прыхільнік тэрарыстычных метадаў барацьбы, уваходзіць у групу, якая дзень пры дні сачыла за выездамі цара, рыхтуючы яго забойства. Было б памылкаю бачыць у Грынявіцкім асобу другарадную, чалавека, што ў вызначальны момант апынуўся на патрэбным месцы ў выніку выпадковых абставін. Такім поглядам супярэчыць само ягонае жыццё, да канца ахвяраванае ідэі справядлівага пераўтварэння свету, якая спарадзіла не толькі прыклады высокага гераізму, але - як нам добра вядома - і нечуваную да таго хвалю крывавага гвалту. Напярэдадні тэрарыстычнага акта ён склаў свой запавет, дзе пісаў:
Пасля выбуху бомбы Ігнат Грынявіцкі перажыў імператара ўсяго на некалькі гадзін. Праз тры гады ў Пецярбурзе выйшлі два нумары падпольнага гектаграфічнага часопіса «Гомон». Ягоныя выдаўцы - група студэнтаў-нарадавольцаў з Беларусі на чале з А.Марчанкам і Х.Ратнерам называлі Грынявіцкага «адным з гарачых заснавальнікаў сваёй фракцыі». На старонках «Гомона» з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый гаварылася пра існаванне беларускай нацыі і гучала патрабаванне яе федэратыўнай самастойнасці пасля знішчэння царызму.
«Гоманаўцы» лічылі, што ў сваёй дзейнасці нельга абмяжоўвацца вывучэннем роднага краю і культурнай работаю на яго карысць, бо пры такім рэжыме гэта не дасць аніякіх практычных вынікаў. Патрэбна палітычнае змаганне. Заклікаючы беларусаў да барацьбы за сацыяльныя і нацыянальныя ідэалы, аўтары часопіса пісалі, што народ можа адчуваць недавер да сваіх сілаў, але адсутнасць у ягоных масах нацыянальнага руху - яшчэ не сведчанне яго нібыта адвечнай дрымотнай пасіўнасці. «Гомон» нагадваў пра барацьбу беларускіх царкоўных брацтваў з акаталічваннем, пра магутныя сялянскія бунты супроць прыгону і нацыянальна-вызвольныя паўстанні за часамі Мікалая І і Аляксандра ІІ. Гісторыя засведчыла: любыя спробы змяніць свет да лепшага праз сілу асуджаныя на няўдачу, што аплочваецца нязмернымі чалавечымі пакутамі. Ігнат Грынявіцкі і ягоныя паплечнікі былі ахвярамі аблуднага вучэння. Яны трагічна памыляліся, але яны вартыя нашай памяці. Памяці, якая перасцерагае.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|