22 кастрычніка (3 лістапада) 1882. Нарадзіўся Якуб Колас
Малой радзімаю Якуба Коласа (сапраўднае імя - Канстанцін Міцкевіч) была прынёманская вёска Акінчыцы, якая цяпер у межах Стоўбцаў. Паходзіў будучы народны паэт з сям'і лесніка. Скончыўшы ў 1902 годзе Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, Канстанцін Міцкевіч працаваў настаўнікам спачатку на Піншчыне, а потым паблізу ад Смалявічаў пад Менскам. У ліпені 1906 года ён удзельнічаў у нелегальным настаўніцкім з'ездзе ў вёсцы Мікалаеўшчына, за што пазбавіўся пасады. Пасля гэтага нейкі час працаваў у газеце «Наша Ніва», у прыватнай школцы, але ў верасні 1908 года за ўдзел у з'ездзе настаўнікаў і нелегальную дзейнасць быў засуджаны царскім судом на тры гады зняволення. Вярнуўшыся на волю, выкладаў у Пінскім прыходскім вучылішчы, а з верасня 1915-га служыў у войску. У 1916 годзе К.Міцкевіч скончыў у Маскве Аляксандраўскую вайсковую вучэльню і ў званні прапаршчыка блізу двух месяцаў знаходзіўся на Румынскім фронце. На той час ён быў ужо вядомым беларускім літаратарам. Пісаць вершы Колас пачаў вельмі рана, прычым спярша па-расейску. Літаратуразнаўцам вядомыя болей за пяцьдзесят ранніх твораў паэта, датаваных 1898-1906 гадамі. У тых вершах і ў першай празаічнай спробе - «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле» - адчуваецца значны ўплыў класічнай расейскай літаратуры. Дэбют Коласа адбыўся ў верасні 1906 года, калі першая легальная беларуская газета «Наша Доля» змясціла ягоны верш «Наш родны край». У 1910 годзе выйшаў паэтычны зборнік «Песні жальбы», праз два гады - «Апавяданні», яшчэ праз два - «Родныя з'явы»... У Коласавай паэзіі арганічна спалучаюцца лірыка і эпас. Героі ягоных рэалістычных вершаў - простыя людзі. Колас піша пераважна пра вясковае жыццё з яго цяжкімі клопатамі і сціплымі радасцямі. Ён становіцца адным з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы, з самых першых сваіх празаічных твораў імкнецца да напружанасці дзеяння, пранікнення ў чалавечую псіхалогію. У алегарычных «казках жыцця» Якуб Колас дасягае высокіх мастацкіх абагульненняў разнастайных жыццёвых з'яваў. 1911 год у творчым жыццяпісе пісьменніка пазначаны пачаткам працы над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка», што былі скончаныя больш чым праз дзесяцігоддзе і сталі вяршыняю творчасці Коласа-паэта. Шмат у чым аўтабіяграфічная «Новая зямля» - сапраўдны эпас, героем якога з'яўляецца беларускі народ на зломе ХІХ-ХХ стагоддзяў. Рамантычная паэма «Сымон-музыка» прысвячалася адвечным праблемам дачыненняў грамадства і мастака, што прагна шукае дасканаласці і сэнсу жыцця. Плённымі былі ў жыцці Коласа і 20-я гады, калі беларуская інтэлігенцыя напачатку шчыра паверыла ў магчымасць нацыянальнага адраджэння. Менавіта тым часам разам з паэмамі, зборнікамі вершаў і апавяданняў выходзяць у свет буйныя празаічныя творы - заснаваныя на аўтабіяграфічным матэрыяле аповесці «У палескай глушы» і «У глыбі Палесся», якія сталі першай і другой часткамі скончанай ужо пасля Другой сусветнай вайны трылогіі «На ростанях». Галоўны герой трылогіі настаўнік Андрэй Лабановіч увасабляе прадстаўніка той часткі беларускай дэмакратычнай інтэлігенцыі, што на пачатку ХХ стагоддзя жыла марамі пра вызваленне Бацькаўшчыны і пераўтварэнне жыцця на больш справядлівых асновах. Пяру Якуба Коласа належаць таксама вядомая аповесць «Дрыгва», прысвечаная змаганню беларусаў у гады інтэрвенцыі, шэраг п'есаў і публіцыстычных твораў. У Другую сусветную вайну галоўнай тэмай творчасці пісьменніка была барацьба з гітлераўскімі захопнікамі. Вялікія заслугі належаць Коласу ў галіне дзіцячай літаратуры і педагогікі. Ён - аўтар падручнікаў «Другое чытанне для дзяцей-беларусаў» (1909) і «Методыка роднае мовы» (1926). Высокім роўнем вызначаюцца яго лепшыя пераклады з А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча. Колас па праве лічыцца адным з заснавальнікаў нашага сучаснага прыгожага пісьменства і беларускай літаратурнай мовы. На працягу ўсяго свайго жыцця пісьменнік займаўся таксама навуковай і грамадска-палітычнай дзейнасцю. Найбольш значныя вынікі яна мела ў 20-х гадах, калі Колас быў сябрам Інстытута беларускай культуры, а затым - віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Памёр народны паэт Беларусі Якуб Колас у 1956 годзе.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|