25 чэрвеня (7 ліпеня) 1882. Нарадзіўся Янка Купала

Будучы пясняр нарадзіўся ў фальварку Вязынка (цяперашні Маладэчанскі раён) якраз на старажытнае беларускае свята Купалле, што потым і паўплывала на выбар літаратурнага псеўданіма (сапраўднае імя - Іван Луцэвіч).

Сям'я Луцэвічаў жыла з арандатарства. Пасля бацькавай смерці ў 1902 годзе малады Янка зведаў смак хлеба, заробленага ўласнаю працай, - рабіў на гаспадарцы, быў хатнім настаўнікам-дарэктарам, пісарам судовага следчага ў Радашкавічах, малодшым прыказчыкам і памочнікам вінакура ў панскіх маёнтках... Ён паспеў скончыць Бяларуцкае народнае вучылішча, займаўся на вядомых у той час агульнаадукацыйных курсах А.С.Чарняева ў Пецярбурзе (1909-1913), у маскоўскім універсітэце Шаняўскага (1915), аднак галоўным яго «ўніверсітэтам» стала народнае жыццё - поўнае няпростых клопатаў, але заўсёды прасякнутае вераю ў лепшую долю, мары аб якой гучалі ў чутых Купалам з маленства песнях і казках, легендах і паданнях, ва ўсім найбагацейшым у славянскім свеце беларускім фальклоры.

Пісаць ён пачаў па-польску, але неўзабаве прыйшло разуменне, што найпаўней і найглыбей выказаць сябе можна толькі на роднай мове. Першы вядомы літаратуразнаўцам беларускі верш Купалы «Мая доля» датуецца 1904 годам, першы друкаваны - «Мужык» - пабачыў свет у траўні 1905-га ў менскай газеце «Северо-Западный край». Першы зборнік «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе ў Пецярбурзе. Услед за ім з'явіліся «Гусляр» (1910), «Шляхам жыцця» (1913).

Асаблівую ролю ў жыцці і творчасці паэта адыграў віленскі перыяд, калі ён у 1908-1909 гадах спачатку супрацоўнічаў у «Нашай Ніве», а потым, у 1914-1915-м, быў яе рэдактарам, знаходзячыся ў самай гушчыні нацыянальна-адраджэнцкага руху.

Купалу наканавана было стаць адным з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, стварыць сапраўдны летапіс жыцця свайго народа, дзе яскрава адлюстраваліся нацыянальны характар і светаўспрыманне беларусаў на пераломных гістарычных межах ХХ стагоддзя.

Вяршыня творчасці паэта - дакастрычніцкая лірыка з яе глыбіннай народнасцю і рамантызмам, з драматызмам перажыванняў і вылучным багаццем арыгінальных тэмаў і мастацкіх вобразаў. Купала стварыў своеасаблівы мастацкі партрэт Маладой Беларусі - гэтай «сакалінай сям'і», якая чуйна ўслухоўваецца ў «вольны вецер вольных песень» і ўсёй душой верыць, што «не загіне край забраны». Патрыятызм песняра найбольш яскрава выяўляецца ў філасофска-гістарычных творах «На Дзяды» і «На Куццю». Класікай сталі і яго фальклорна-рамантычныя паэмы «Курган», «Бандароўна», «Яна і я»... Купала - адзін са стваральнікаў багатай традыцыі беларускай пейзажнай і любоўнай лірыкі.

Янка Купала са сваёй камедыяй «Паўлінка» і драмай «Раскіданае гняздо» стаіць ля вытокаў гэтых жанраў у беларускай драматургіі. Дагэтуль не страцілі сваёй актуальнасці дарэвалюцыйныя публіцыстычныя творы паэта, што будзілі нацыянальныя пачуцці, сцвярджалі велізарныя жыццядайныя сілы роднага слова, - «Вера і нацыянальнасць», «Чаму плача песня наша?», «Ці маем мы права выракацца роднай мовы». Пяру Купалы належаць і бліскучыя ўзоры перакладаў - празаічны і вершаваны «Слова пра паход Ігаравы», паэмаў і вершаў А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, У.Сыракомлі, М.Канапніцкай, Ю.Крашэўскага.

Семдзесят гадоў афіцыйнае беларускае літаратуразнаўства імкнулася давесці, нібыта Янка Купала «радасна вітаў Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю і арганічна прыняў ідэі сацыялізму і ленінскую нацыянальную палітыку». У сапраўднасці ўсё было іначай. Паэт выдатна разумеў, што бальшавікі паступова ператвараюць Беларусь у палігон для сваіх злачынных сацыяльных эксперыментаў, з болем бачыў, як у русіфікатарскіх хвалях захлынаецца не падмацаваная агульнай дэмакратызацыяй жыцця палітыка беларусізацыі. Так, з-пад яго пяра ў 20-х гадах часам выходзілі дзяжурныя, пазначаныя штучным пафасам вершаванкі кшталту прысвечанай дзесяцігоддзю «Кастрычніцкай рэвалюцыі» паэмы «З угодкавых настрояў». Але адначасова Купала быў аўтарам забароненай да пастаноўкі п'есы «Тутэйшыя», а ў 1926-м, праз год пасля надання яму звання народнага паэта, напісаў верш «Акоў паломаных жандар»:

Акоў паломаных жандар,
Сліўнём зарыўшыся ў нару,
Сядзіць расейскі чынадрал,
«Слуга оцечаству, цару».

Былых не выклічаш вякоў,
І ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных не скуеш акоў,
З якой брахнёю ні вылазь!

Ужо напрыканцы 20-х гадоў над Купалам навісла небяспека арышту. Неўзабаве яго пачалі выклікаць на допыты ў ГПУ, абвінавачваючы ў тым, што ён з'яўляецца кіраўніком і ідэолагам контррэвалюцыйнага «Саюза Вызвалення Беларусі». У лістападзе 1930 года паэт, ратуючыся ад здзекаў, робіць замах на самагубства, але дактарам удалося яго адратаваць. Пасля гэтага бальшавіцкія ўлады сфабрыкавалі ад яго імя так званы «Адкрыты ліст», дзе нібыта Янка Купала выракаецца нашаніўскіх традыцый, адраджэнцтва і незалежніцтва. Але нават духоўна зламаны паэт заставаўся небяспечным, і ў чэрвені 1942 года сталінскія майстры заплечных справаў арганізавалі ў Маскве яго забойства.

Уладзімір АРЛОЎ


 Далей   Назад   Зьмест   БПалічка 


Сайт создан в системе uCoz