28 траўня (9 чэрвеня) 1881. Нарадзіўся Іван Луцкевіч
Яго па праве называюць адным з бацькоў беларускага адраджэння. Нарадзіўшыся ў сям'і паўстанца 1863 года, змагара за Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, Іван Луцкевіч стаў змагаром за незалежную Беларусь. Вядома, што ў юначыя гады на яго погляды значна паўплывалі сваімі творамі Францішак Багушэвіч і бацькаў знаёмы Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Пад час навучання ў Менскай класічнай гімназіі 16-гадовы Іван разам з маладзейшым на тры гады братам Антонам заснавалі гурток, сябрамі якога валодалі ідэі нацыянальнай і сацыяльнай справядлівасці. Канчаткова пераканацца ў тым, што яны - беларусы, братам дапамагала сустрэча з адданым працаўніком адраджэння пісьменнікам і мастаком Карусём Каганцом (Казімірам Кастравіцкім). У 1902 годзе браты Луцкевічы паступілі ў Пецярбургскі ўніверсітэт: старэйшы - на юрыдычны факультэт, малодшы - на фізічна-матэматычны. Потым Іван вучыўся ў Маскоўскім археалагічным інстытуце, а Антон атрымаў адукацыю юрыста ў Дэрпцкім універсітэце. Разам з аднадумцамі з Пецярбурга і Вільні сыны паўстанца зрабіліся сябрамі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады. Маладыя рэвалюцыянеры мелі на мэце барацьбу супроць царызму, за дэмакратычную Расею і аўтаномію Беларусі, за перадачу сялянам панскай, царкоўнай і скарбовай зямлі, за правы беларускай мовы. Пры канцы 1903 года адбыўся ўстаноўчы з'езд Беларускай Сацыялістычнай Грамады (БСГ). Іван Луцкевіч стаў яе сапраўдным лідэрам, а Антон - галоўным ідэолагам і публіцыстам партыі. Беларускія сацыялісты чынна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях таго часу. Менавіта Іван Луцкевіч пад выглядам замоўцы з'явіўся пасля вядомага Курлоўскага расстрэлу ў Менску на фабрыку Якабсона, гудок якой даў сігнал да ўсеагульнай стачкі пратэсту. У доме Луцкевічаў хавалі зброю, якую назапашвалі для баявых групаў Грамады. Звесткі пра гэта дайшлі да паліцыі, Іван разам з братам мусіў таемна выехаць у Вільню і перайсці на нелегальнае становішча, узяўшы мянушку Іван Міхальчук. У былой сталіцы Вялікага Княства Іван Луцкевіч узяў удзел у стварэнні першай легальнай беларускай газеты «Наша Доля», а затым разам з братам і сацыялістам Аляксандрам Уласавым заснаваў новае выданне - «Нашу Ніву», што адыграла выключную ролю ў нацыянальным адраджэнні, згуртаваўшы вакол сябе найлепшыя сілы інтэлігенцыі. Іван Луцкевіч удзельнічаў у заснаванні ў 1913 годзе ў Вільні Беларускага выдавецкага таварыства, што праіснавала блізу дваццаці гадоў, пакуль не было зачыненае польскімі ўладамі. Тут пабачылі свет кнігі Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага, Наталлі Арсенневай, Канстанцыі Буйлы, Уладзіміра Жылкі... У гады нямецкай акупацыі заходніх земляў Беларусі пад час Першай сусветнай вайны Іван Луцкевіч спрабаваў стварыць прафесійны хаўрус беларускіх настаўнікаў. Ён спрычыніўся да адкрыцця дзвюх сотняў пачатковых школ з выкладаннем на роднай мове, а таксама беларускай настаўніцкай семінарыі і курсаў. З ягонай ініцыятывы 1 студзеня 1919 года адчынілася Віленская беларуская гімназія. Велізарны плён дала самаадданая навуковая дзейнасць Івана Луцкевіча. Археалагічныя і этнаграфічныя даследванні, вывучэнне Аль-Кітаба - напісанай арабскім пісьмом па-беларуску мусульманскай кнігі-малітоўніка, заснаванне ў Вільні Беларускага навуковага таварыства... Гэта ўсё ён, Луцкевіч. У рупліва сабранай ім калекцыі старажытнасцяў былі рарытэты, якія палічыў бы за гонар мець у сваёй экспазіцыі ўсялякі сусветна вядомы музей. Гэты збор папаўняўся аматарамі даўніны і стаўся асноваю адкрытага ў 1921 годзе ў Вільні Беларускага музея. Яго наведнікі захапляліся старажытнымі абразамі і слуцкімі паясамі, палотнамі сярэднявечных мастакоў і творамі народных разьбяроў. Багаццем вылучаліся зборы манет і старажытных пячатак - у тым ліку полацкіх князёў Усяслава Чарадзея і Барыса, вялікага князя Міндоўга. У калекцыі рукапісаў і старадрукаў захоўваліся Статут Вялікага Княства Літоўскага, Скарынава «Біблія», «Мужыцкая праўда» Каліноўскага. Архіў музея меў практычна ўсю дакументальную гісторыю нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя, а бібліятэка налічвала блізу 15 тысяч тамоў. Сабраныя Луцкевічам скарбы натхнялі Янку Купалу, Змітрака Бядулю, Максіма Гарэцкага. Агледзеўшы гэтыя калекцыі, Максім Багдановіч у захапленні зазначыў: «Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння. Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць пра нас». Іван Луцкевіч адным з першых зразумеў неабходнасць дзяржаўнай незалежнасці Бацькаўшчыны і разам з братам стаў ініцыятарам абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Ён не шкадаваў сябе. Цяжка хворы на сухоты, па-ранейшаму ахвярна працаваў, і калі сябры ў 1919 годзе завезлі яго на курорт у польскае Закапанэ, было ўжо позна. Антон Луцкевіч працягваў братаву справу. Ён узначальваў урад БНР і яе Найвышэйшую Раду. У 20-30-х гадах кіраваў Віленскім навуковым таварыствам і музеем імя І.Луцкевіча, выкладаў у Беларускай гімназіі, меў заслужаную славу таленавітага публіцыста і літаратурнага крытыка, што пісаў пераважна пад псеўданімам Антон Навіна. Скончыў сваё жыццё ў кіпцюрах НКВД. Прывезены з Польшчы прах Івана Луцкевіча ў 1991 годзе перазахаваны на віленскіх могілках Росы.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|