1835. Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса
Пасля скасавання Полацкай акадэміі, а потым і яе «спадкаемца» - піярскага калегіума расейскія ўлады адчынілі ў старадаўніх езуіцкіх мурах кадэцкі корпус. Афіцыйна такія корпусы былі сярэднімі навучальнымі ўстановамі з ваенным рэжымам, з выпускнікоў якіх камплектаваліся вайсковыя навучальні. На захопленых царызмам землях яны, аднак, выконвалі значна большую ролю, служачы ідэі «русского просвещения, русского патриотизма и русского дела». Першы набор у корпус складаўся з 54 падлеткаў ва ўзросце ад дванаццаці да чатырнаццаці гадоў. Першым дырэктарам быў удзельнік штурму Полацка ў 1812 годзе генерал-маёр Павел Хвашчынскі, які вызначаўся, між іншага, такім паталагічным антысемітызмам, што меўся перагарадзіць прылеглыя да корпуса вуліцы кратаванымі агароджамі, каб полацкія габраі нават не набліжаліся да кадэтаў. Праграма заняткаў, апрача «фронту», улучала расейскую, французскую і нямецкую мовы, закон Божы, арытметыку, алгебру, геаграфію, гісторыю, чыстапісанне, маляванне, а таксама гімнастыку, фехтаванне, танцы і спевы. Веды ацэньваліся па 12-бальнай сістэме. Кіраўніцтва раіла педагогам звярнуць увагу на правільнасць чытання і маўлення, «так как большинство поступивших детей из губерний белорусских с грубым местным наречием». Падзеі 1863 года, калі ў Беларусі пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстанне, засведчылі, што ў корпусе жыве дух вальнадумства і патрыятызму. Некаторыя кадэты не вярнуліся з калядных вакацый і далучыліся да інсургентаў. За 1863/64 навучальны год з корпуса выбыў 171 выхаванец пры агульнай іх колькасці 289. Большая частка, мяркуючы па афіцыйных справаздачах, пакінула Полацак з прычыны пераводу ў іншыя ўстановы або «по домашним обстоятельствам», «за неуспехи» і «за дурное поведение». Безумоўна, за гэтымі словамі часта хавалася сувязь з паўстаннем. У Пецярбурзе было нават пастаўленае пытанне аб расфармаванні корпуса. У 1865 годзе Полацкі кадэцкі быў пераўтвораны ў ваенную гімназію, якая праіснавала да 1882-га. Выпускнікі такіх гімназій працягвалі вучобу ў вайсковых навучальнях. Разам з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі ў пералік абавязковых заняткаў уваходзілі шыхтовая падрыхтоўка, плаванне, танцы, спевы, музыка і розныя рамёствы «полезные в смысле педагогическом». У апошнім, сёмым, класе гімназістам выдавалі стрэльбы. Паводле матэрыялу рэвізіі, у першы навучальны год гімназія налічвала 333 выхаванцы ва ўзросце ад дзевяці да васемнаццаці гадоў: 221 праваслаўны, 109 каталікоў, 18 лютэранаў, двое армянаў і адзін мусульманін. Шэраг неардынарных падзей корпуснага летапісу прыпадае на пачатак 1900-х гадоў. У расейска-японскую вайну сухапутнаю абаронай абкружанага японцамі Порт-Артура камандаваў адзін з найталенавіцейшых военачальнікаў таго часу, гадаванец Полацкай вайсковай гімназіі генерал Раман Кандраценка. На ягоную гібель адгукнуліся ўсе буйнейшыя газеты свету. Ангельскі карэспандэнт Нарыгард у рэпартажы з фронту нават сцвярджаў, што, каб не гэтая смерць, Порт-Артур мог бы выстаяць. У 1905-1907 гадах корпус зведаў, як сведчаць дакументы, «массовые заявления неудовольствия». Наводзячы парадак, дырэкцыя зрабіла стаўку на «смягчающее и облагораживающее влияние искусств». У корпусе ладзіліся літаратурна-музычныя вечарыны і спектаклі, у якіх дазвалялася ўдзельнічаць дамам. Пад старажытнымі скляпеннямі спявала вядомая капэла Д.Славянскага, выступалі гастралёры з пецярбургскіх тэатраў. Падтрымліваць баявы дух і традыцыі закліканы быў рукапісны кадэцкі часопіс «Полочанин». Улады як чорт крыжа баяліся праяваў сепаратызму і сачылі, каб на чале корпуса не апынуўся прадстаўнік мясцовага дваранства. Да ўраджэнцаў Беларусі належыць толькі трынаццаты па ліку дырэктар генерал-маёр Мадэст Чыгір, што застаўся ў гісторыі корпуса як тонкі знаўца мастацтва і апякун музаў. Пры ім кадэты ставяць камедыю Аляксандра Астроўскага «Свои люди - сочтемся», адзначаюць вялікім літаратурным вечарам 100-годдзе Гогаля. Канцэртуюць корпусны хор, струнны і духавы аркестры. Полацкі кадэцкі корпус даў адукацыю і выхаванне больш чым тром тысячам афіцэраў царскай арміі. Далёка не ўсе з іх марылі быць вернымі абаронцамі праваслаўнага трона. Шляхціч Андрэй Патабня стаў адным з кіраўнікоў «Камітэта расейскіх афіцэраў у Польшчы», перайшоў на бок паўстанцаў 1863 года і загінуў у баі з карнікамі пад Кракавам. Яшчэ адзін гадаванец корпуса гісторык і археолаг Язэп Стаброўскі заснаваў Слонімскі гістарычна-краязнаўчы музей. У яго аснову легла асабістая калекцыя былога «палачаніна», дзе былі сабраныя ўнікальныя рэчы, здольныя зрабіць гонар кожнаму эўрапейскаму музею: галава паганскага ідала, першае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аўтографы Льва Талстога, лісты Пушкіна да Наталлі Ганчаровай... Вежы Сафійскага сабора, корпусныя калідоры і класы снілі выдатны фенолаг, палачанін па нараджэнні Дзмітры Кайгародаў, сакратар Расейскай акадэміі навук, аўтар кніг пра вайну 1812 года і Крымскую кампанію Мікалай Дубровін, вядомы вучоны-механік Віктар Кірпічоў і ягоны брат Ніл, таксама буйны навуковец, які займаў пасаду старшыні расейскага Паветраплавальнага камітэта. У корпусе вучыўся аўтар вядомага гістарычнага рамана «Порт-Артур» Аляксандар Сцяпанаў.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|