1831. Нацыянальна-вызвольнае паўстанне супроць царызму
Існуе думка пра адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь, а якраз нашыя продкі на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Беларусі Расеяй тройчы браліся за зброю, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі. Вальналюбны дух паўстанцаў Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага быў жывы, і ўвесну 1831 года Беларусь следам за Польшчаю зноў паўстала. Найбольш чынная барацьба ў Беларусі разгарнулася на Віленшчыне, у Ашмянскім, Браслаўскім, Дзісенскім і Вілейскім паветах, а пазней - у ваколіцах Белавежскай пушчы. У кожным павеце выбіраўся паўстанцкі ўрад, камандзір і абвяшчалася мабілізацыя. Трохтысячны шляхоцка-сялянскі аддзел узяў і колькі дзён утрымліваў горад Дзісну. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў паспяхова дзейнічаў баявы аддзел, створаны дваццаціпяцігадовай графіняй Эміліяй Плятэр - збіральніцай беларускага фальклору, паэткай і рэвалюцыянеркай, якая атрымала званне капітана і была прызначаная ганаровым камандзірам роты паўстанцкага войска. Асноўная сіла паўстання - шляхта - ваявала пад агульным лозунгам аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Аднак у стане інсургентаў існавалі два крылы: рэвалюцыйнае і арыстакратычна-кансерватыўнае. Шляхоцкія рэвалюцыянеры на чале з І.Лялевелем выступалі за вызваленчую - супольна з расейскім народам - вайну супроць царызму «за нашу і вашу свабоду». Кансерватары дзейнічалі супярэчліва і нерашуча. Але і адны, і другія пакідалі ўбаку нацыянальныя правы беларусаў. Царскі ўрад выдаў загад судзіць паўстанцаў-шляхцічаў і пазбаўляць іх маёнткаў. Сялянам, якія добраахвотна вернуцца дадому, абвяшчалася амністыя. Не атрымаўшы ад кіраўнікоў паўстання ніякіх пэўных абяцанняў пра надзяленне зямлёю, сяляне пакідалі шэрагі інсургентаў. Добра ўзброенае і абвучанае рэгулярнае царскае войска ўжо ў траўні 1831 года разбіла паўстанцаў у Менскай і Віленскай губернях, але барацьба ўзмацнілася на Гарадзеншчыне. Нацыянальны ўрад у Варшаве накіраваў на дапамогу беларускім інсургентам аддзел генерала Д.Хлапоўскага з 820 афіцэраў, унтэр-афіцэраў і інструктараў. Ён злучыўся з 12-тысячным корпусам генерала А.Гелгуда, аднак у чэрвені аб'яднаныя сілы паўстанцаў былі ў ваколіцах Вільні разбітыя. Паўстанцкі генерал Г.Дэмбінскі павёў чатыры тысячы сваіх людзей праз Гарадзеншчыну на захад. У часе гэтага пераходу да яго далучыліся інсургенты Наваградскага і Слонімскага паветаў на чале са шляхцічам Я.Кашыцам. У чэрвені-ліпені іскры паўстання перакінуліся ў Мазырскі, Рэчыцкі і Пінскі паветы, але і гэтыя выступленні былі асуджаныя на няўдачу. У жніўні расейскія войскі задушылі апошнія агмені змагання. Улады канфіскоўвалі маёнткі, пазбаўлялі паўстанцаў дваранскіх правоў (у Беларусі адабралі шляхоцтва ў дзесяці тысяч чалавек), ліквідоўвалі навучальныя ўстановы. У 1832 годзе быў зачынены Віленскі ўніверсітэт. Цяжэйшым рабіўся рэлігійны ўціск. Падтрымка паўстання беларускім грэцка-каталіцкім духавенствам, у тым ліку манахамі-базылянамі, узмацніла наступ на вуніяцтва. Адначасова з двума полацкімі базылянскімі кляштарамі царскія ўлады зачынілі яшчэ сорак. Імператар Мікалай І з гэтае нагоды заўважыў: «Слава Богу, вот и еще несколько неприятельских крепостей уничтожили». Адразу пасля паўстання ў Віцебскай і Магілеўскай губернях было скасаванае дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага. Цар зацвердзіў пастанову пра перасяленне ў Беларусь «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собой в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу». На ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі расейскіх чыноўнікаў. Але рэпрэсіі не паставілі народ на калені. Праз тры дзесяцігоддзі ён зноў падняўся на барацьбу. Паўстанне мела і міжнароднае значэнне. Яно не дазволіла царызму паслаць войскі на задушэнне рэвалюцыі ў Францыі.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|