1817. Узнікненне таемнага студэнцкага таварыства філаматаў
На захопленых Расеяй беларускіх землях не спыняўся нацыянальна-вызвольны рух. Магутным агменем вальналюбных ідэяў і памкненняў быў Віленскі ўніверсітэт. Менавіта там з ініцыятывы студэнтаў Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Адама Міцкевіча, Анупрэя Петрашкевіча і Францішка Малеўскага было заснаванае таемнае патрыятычнае таварыства філаматаў, што атрымала свой назоў ад грэцкага слова philomathes (той, хто імкнецца да ведаў). Напачатку філаматы ставілі перад сабою толькі культурніцкія мэты, выступалі за паляпшэнне асветы, але ў тагачасных умовах наступу рэакцыі маладымі нелегаламі хутка завалодалі палітычныя ідэі. У праграме таварыства з'явіліся патрабаванні нацыянальнай незалежнасці народаў і знішчэння прыгоннага ўціску сялянаў, які, на думку філаматаў, супярэчыў здароваму розуму і натуральнаму праву. Галоўныя спадзяванні ў аднаўленні незалежнай Рэчы Паспалітай філаматы звязвалі з «сярэднім класам», пад якім разумелі шляхту. Дзеля пашырэння сваіх поглядаў таварыства стварыла філіі - «прамяністых» і філарэтаў (ад грэцкага philaretos - той, хто любіць дабрачыннасць). Прэзідэнтам таварыства філарэтаў быў абраны Тамаш Зан. Філаматы маюць вялікія заслугі ў вывучэнні гісторыі і культуры беларускага народа. Яны збіралі песні, легенды і паданні, запісвалі звычаі і абрады, наладжвалі паседжанні-вечарыны, на якіх чыталі свае навуковыя рэфераты і мастацкія творы. Вось узор літаратурнай творчасці ўдзельнікаў таварыства - юначы беларускі верш Яна Чачота «На прыезд Адама Міцкевіча», напісаны ў 1819 годзе, а ўпершыню надрукаваны праз сто гадоў у кнізе «Архіў філаматаў»:
У 1823 годзе таварыства і яго нелегальныя філіі былі раскрытыя паліцыяй. Шмат філаматаў апынулася за кратамі, у іх ліку - Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Аляксандар Ходзька, аўтар «Песні філарэтаў» Антон Адынец, Ян Чачот... Паводле прысуду Тамаш Зан (ратуючы сяброў, усю віну ён узяў на сябе) быў зняволены ў цытадэлі, іншых высылалі ўглыб Расеі. А.Міцкевіч апеў сваіх таварышаў у неўміручых «Дзядах». Паэт паказаў філаматаў і філарэтаў у турэмнай няволі, куды яны трапілі паводле пастановы следчай камісіі на чале з сенатарам Навасільцавым. Для гісторыкаў гэты твор асабліва каштоўны сваім дакументалізмам, бо Міцкевіч падае рэальныя вобразы сяброў і паплечнікаў. Шмат хто з філаматаў і філарэтаў пазней здабыў славу ў розных галінах дзейнасці. Антон Адынец, Ян Чачот, Тамаш Зан, Аляксандар Ходзька сталі вядомымі паэтамі. Язэп Кавалеўскі - прызнаным манголазнаўцам, рэктарам Казанскага ўніверсітэта. Ігнат Дамейка (гэтаксама як Адольф Янушкевіч і паэт Антон Фрэенд) браў удзел у нацыянальна-вызвольным паўстанні 1830-1831 гадоў, а ў эміграцыі выславіўся як выдатны вучоны-геолаг і мінеролаг, даследнік Чылі і яе нацыянальны герой. Міхал Рукевіч заснаваў таемнае таварыства «Ваенных сяброў», якое мела на мэце змаганне за «ўсеагульны дабрабыт» і «вольнасць». Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|