1772. Першы падзел Рэчы Паспалітай
У другой палове ХVІІІ стагоддзя, за часам імператрыцы Кацярыны ІІ, феадальная манархія ў Расеі дасягнула найвышэйшай магутнасці, заснаванай на жорсткай азіяцкай сістэме эксплуатацыі. Сяляне былі канчаткова запрыгоненыя, іх пачалі называць рабамі. Царыца забараніла вучыць мужыкоў ды іхных дзяцей грамаце. Раб, паводле закону, не мог скардзіцца на рабаўладальніка. Расейскія памешчыкі мелі права высылаць сялянаў у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, назаўсёды разлучаючы бацьку з сям'ёй, маці з дзецьмі, мужа з жонкаю. Жорсткі пераслед цярпелі вернікі-стараабрадцы. Краіну душыла неабмежаванае самаўладдзе, чый партрэт мужна намаляваў Аляксандар Радзішчаў: «Чудище ообло, озорно, огромно, стозевно и лаяй». Штогод тысячы жыхароў імперыі, ратуючыся ад гэтага «чудища», перасяляліся ў Беларусь. Згодна са звесткамі вядомага расейскага гісторыка С.Салаўёва, у сярэдзіне стагоддзя царскі ўрад патрабаваў ад сойма Рэчы Паспалітай вярнуць мільён уцекачоў. У Рэчы Паспалітай панавалі іншыя дзяржаўныя парадкі. Яна была, па сутнасці, шляхоцкай рэспублікай; гэта падкрэслівў сам назоў, які азначаў тое сама, што і лацінскае «res publika» - грамадская справа. Пад грамадствам, вядома, разумелі шляхту. Яе ў Вялікім Княстве параўнальна з усім жыхарствам было значна болей, чым у іншых дзяржавах Эўропы. Адзін шляхціч у Беларусі прыпадаў на шэсць-сем сялянаў. Пераважная частка шляхты належала да так званай засцянковай, або шарачковай, што мела герб і права насіць шаблю, але не мела прыгонных. Пра такога шляхціча Ўладзімір Караткевіч пісаў, што ён араў сваё поле «высакародна», а гной з хлява на палетак вёз, уторкнуўшы побач з сахаром дзедаўскую шаблю. Тым не менш кожныя дванаццаць-пятнаццаць са ста нашых продкаў былі асабіста незалежныя людзі і маглі вырашаць мясцовыя і дзяржаўныя справы, засядаючы на павятовых, ваяводскіх і агульнадзяржаўных соймах і сойміках. Аднак шляхоцкая дэмакратыя мела і адваротны бок - анархію. Раней сойм прымаў пастановы бальшынёй галасоў, але з 1652 года ўступіла ў дзеянне права «liberum veto» (пастанова прымалася толькі ў выпадку аднадушнага галасавання). У выніку ў 1652-1764 гадах былі сарваныя сорак чатыры соймы з васьмідзесяці. Калі разгаралася спрэчка паміж магнацкімі групоўкамі, дэпутаты пускалі ў ход зброю, і некалькі дзяржаўных мужоў, як правіла, перасяляліся на той свет. Шабельным звонам часта завяршаліся і павятовыя ды ваяводскія соймікі, якія прысвойвалі сабе правы заканадаўчай і судовай улады і не лічыліся з пастановамі агульнадзяржаўнага сойма. Статут 1588 года, што дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім, быў непараўнана больш прагрэсіўны, чым законы Расейскай імперыі, ды выкананню ягоных нормаў замінала феадальнае самавольства. У сваіх уладаннях магнаты трымалі ўласныя войскі і нярэдка вялі з фамільнымі ворагамі сапраўдныя войны. Выкарыстоўваючы феадальную анархію і барацьбу розных магнацкіх груповак за ўладу, Расея ўсё часцей умешвалася ў нутраныя справы суседняй дзяржавы і ўводзіла на яе тэрыторыю свае войскі. Гэта адбывалася пад прыкрыццём крывадушных заяваў пра абарону правоў праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай. У 1764 годзе каралём і вялікім князем стаў былы фаварыт Кацярыны ІІ Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, што быў прыхільнікам рэформаў і ўмацавання дзяржаўнае ўлады. Суседзі - Расея і Прусія - былі, натуральна, незадаволеныя такой палітыкай і падтрымлівалі праціўнікаў караля, якія аб'ядноўваліся ў канфедэрацыі і выступалі супраць цэнтральнай улады са зброяй у руках. У сваю чаргу праціўнікі Расеі аб'ядналіся ў Барскую канфедэрацыю, што выступала за незалежнасць дзяржавы. У Беларусь зноў уступілі расейскія войскі. У 1768 годзе яны занялі Слуцак і Нясвіж. Найбольшай сілы рух канфедэратаў дасягнуў у 1770-1771 гадах. На іх бок перайшоў вялікі гетман Міхал Казімір Агінскі, аднак ягоны трохтысячны аддзел быў разбіты Суворавым. Расея і Прусія ўжо вялі перамовы пра падзел Рэчы Паспалітай. Пазней да іх далучылася Аўстрыя. 5 жніўня 1772 года гэтыя дзяржавы падпісалі ў Санкт-Пецярбурзе канвенцыю, паводле якой пад уладу расейскага трона пераходзілі Інфлянцкае і Амсціслаўскае ваяводствы, амаль усё Віцебскае, размешчаная на правым баку Дзвіны частка Полацкага, а таксама ўсходнія землі Менскага ваяводства з гарадамі Рагачовам, Прапойскам, Чачэрскам і Гомелем. Генерал-губернатарам захопленых земляў Кацярына ІІ прызначыла аднаго з фаварытаў - графа Захара Чарнышова. Ён атрымаў найвышэйшы загад: «Со дня действительного тех земель занятых под державу нашу собирать все публичные доходы в нашу казну. Суд и расправу велеть до времени производить в настоящих судебных местах по тамошним правам и обычаям, но нашим уже именем и властью. Велеть обнести все пространство новых границ от одного края до другого столбами с императорским нашим гербом, дабы после в частных межах с литовцами нигде спора оставаться не могло». Усходняя Беларусь трапіла ў кіпцюры двухгаловага расейскага арла.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|