1 траўня 1710. Салдаты Пятра І узарвалі полацкі Сафійскі сабор
Гэтаму злачынству папярэднічалі не менш драматычныя падзеі. Пачатак ХVІІІ стагоддзя зноў зрабіў Беларусь тэатрам ваенных дзеянняў. Частка беларускіх магнатаў, узначаленая Сапегамі, падтрымала ў Паўночнай вайне шведскага караля Карла ХІІ і дапамагла яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі сабе іншага караля і вялікага князя - Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам Рэч Паспалітая займела адразу двух гаспадароў, паміж якімі таксама пачалася вайна. Скандынавы занялі Жамойць і Гарадзеншчыну. Пётр І паслаў на Беларусь 70-тысячнае войска. Значная яго частка на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым у лютым 1705 года падышла да Полацка і стала за горадам вайсковым табарам. У чэрвені сюды прыехаў сам цар. У Полацку ён выдаў маніфест, дзе забараняў шляхце збірацца на з'езды або ехаць у Варшаву на зацвярджэнне новага караля. Парушальнікаў яго вялікасць абяцаў пакараць як здраднікаў Айчыны і «истребить их имения огнем и мечем». Цар не вылучаўся пабожнасцю. Хоць ён і заходзіў у храмы, зняўшы парык, але не цырымоніўся нават з расейскім духавенствам. Што ўжо казаць пра неправаслаўных! Вуніятаў Пётр проста ненавідзеў. У хвіліну шчырасці ён сказаў свайму хаўрусніку Аўгусту ІІ, што ў Вялікім Княстве Літоўскім мусяць застацца толькі «ваша (значыцца, каталіцкая) і наша царква». У Віцебску цар загадаў пасекчы ўсе абразы з выяваю Язафата Кунцэвіча. Не спадзеючыся на іншае і ў Полацку, манахі-базыляне адправілі срэбную труну з мошчамі святога Язафата ў Жыровічы. Сваё стаўленне да веры нашых продкаў расейскі імператар засведчыў не дзе-небудзь, а ў кафедральным Сафійскім саборы. Аднаго дня п'яны Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі зайшоў у галоўны полацкі храм. Простых вернікаў-вуніятаў у Сафіі гэтай парою не было, маліліся толькі шасцёра святароў і манахаў. Цар гучна запатрабаваў наладзіць яму па святой Сафіі экскурсію. Вікар Канстанцін Зайкоўскі мусіў перапыніць імшу і падпарадкавацца. У кожным алтары цар спыняўся, і святар апавядаў пра паходжанне абразоў. Вікару хапіла мужнасці распавесці пра жыццё і пакутніцкую смерць Язафата Кунцэвіча. «Хто ж яго паслаў на той свет?» - запытаўся імператар з шалёным агнём у вачах. Вікар адвёў позірк і цвёрда адказаў: «Святога айца Язафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі». Цар выцяў немаладога святара пудовым кулаком. Зайкоўскі ўпаў, і Пётр пачаў біць ляжачага кіем, а потым секчы шабляй. Меншыкаў выхапіў палаш і адным ударам забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага - той якраз прымаў перад алтаром пакутніка Язафата прычасце. Беручы прыклад з раз'юшанага гаспадара, афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Язэпа Анкудовіча і Мялета Кандратовіча. Святыя глядзелі з абразоў, як па храме плыве крывавая ручаіна. Старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага царовы служкі забралі ў свой табар і ўсю ноч катавалі, патрабуючы выдаць, дзе схаваны саборны скарб. Уранні яго павесілі. У пятлі сканаў і вікар Зайкоўскі. Уратаваўся ад каранаванага ката з памагатымі адзін Язэп Анкудовіч - толькі з тае прычыны, што яго палічылі забітым. Целы пяцёх ахвяраў паводле загаду расейскага цара спалілі, а попел развеялі над Дзвіною, каб магілы не сталі месцам паломніцтва. Дзікунскае забойства ў Сафійскім саборы выстаўляла імператара перад Эўропаю ў абліччы ўсходняга тырана, якім ён па сутнасці і быў. Пабітых кіямі і параненых шаблямі манахаў, што прыбеглі ў дзень злачынства ратаваць вікара ды архімандрыта, цар зняволіў, а Сафію і базылянскія кляштары аддаў на рабаванне салдатам. Тыя выцягнулі з храма ўсе каштоўнасці і тры тысячы залатовак, а начальніку полацкага гарнізона прыйшоў загад не разглядаць скаргі «богомерзких» вуніятаў. Выступіўшы перад сабранаю ў Полацак беларускай шляхтай, цар папярэдзіў: няхай вуніяты і надалей не чакаюць літасці. Тут царскае слова не разыходзілася з чынам. Узімку 1707 года расейская кавалерыя абчысціла ў Менску жаночы вуніяцкі манастыр святой Тройцы (ад яго пайшло найменне сённяшняга Траецкага прадмесця). Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (цяпер пляц Волі) ды іншых храмаў і кляштараў. Па слядах гэтых рабаўнікоў ішлі царскія казакі і калмыкі. Здабычы засталося мала, таму казакі ламаліся і ў цэрквы аднаверцаў. Менскае праваслаўнае брацтва заклікала месцічаў да зброі, і на Нямізе захопнікі атрымалі адпор. Ад гэтых «хаўруснікаў» Беларусь за гады Паўночнай вайны зазнала гора не меней, чым ад шведаў. Продкі апынуліся паміж двух агнёў. Нядзіва, што віцябляне прызналі новага караля Станіслава Ляшчынскага і таемна паслалі шведскаму каралю сем тысяч талераў. Даведаўшыся пра «здраду», Пётр даў казакам і калмыкам загад падпаліць места Віцебскае з чатырох бакоў. За вольнасць і незалежнасць полацкіх вуніятаў цар Пётр пакараў і святую Сафію. Адразу па забойстве пяці святароў храм апячаталі і зрабілі вайсковым складам. Тут трымалі амуніцыю, а часам і коней. Полацкі грэцка-каталіцкі ігумен Лаўрэн пісаў у Рым папу: «Не толькі кляштар дагэтуль заняты маскавітамі, але нават сама кафедральная царква, апаганеная зверскім забойствам манахаў, пазбаўлена столькі гадоў магчымасці адпраўляць святыя малітвы і даваць святое прычасце вуніятам, бо ў выніку выгнання адтуль манахаў з яе выкінулі ўсе царкоўныя рэчы». У сутарэннях сабора месцілася царскае парахавое сховішча. Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра. І такая іскра ўспыхнула якраз напярэдадні - дзіўнае супадзенне! - адыходу з Полацка расейскіх войскаў. Выбух знішчыў сцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў калоны і скляпенні. Куродымныя руіны трыццаць гадоў стаялі на Верхнім замку, нараджаючы ў сэрцах палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія страты беларускай зямлі, якая за Паўночную вайну страціла амаль траціну свайго насельніцтва - 800 тысяч чалавек.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|