БЕЛАРУСЬ У РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ
Акт аб'яднання Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства, прыняты на супольным сойме 1569 года ў Любліне, дакляраваў адзіную Рэч Паспалітую (г.зн. Рэспубліку). І хоць яна мела характар федэрацыі, ранейшая самастойнасць Вялікага Княства абмяжоўвалася. Тады, намагаючыся адстаяць суверэнітэт, патрыятычныя колы нашай краіны стварылі новую рэдакцыю зводу законаў - славуты Статут 1588 года, які касаваў многія артыкулы Люблінскай вуніі. Дзякуючы вуніі Вялікае Княства Літоўскае, хоць і не атрымала ад палякаў той дапамогі, на якую разлічвала, змагло пераможна скончыць вайну з Іванам Жахлівым ды паправіць гаспадарку. Але, з другога боку, вунія адкрыла браму шырокім польскім уплывам. Польская мова, каталіцкі абрад лёгка пераймаліся беларускай арыстакратыяй як больш прэстыжныя. З наступам контррэфармацыі ў традыцыйна талерантнай краіне пачала нарастаць рэлігійная нецярпімасць. Царкоўная вунія, прынятая ў 1596 годзе ў Берасці, не зняла, а толькі абвастрыла канфесійны разлад. Творчыя сілы народа марнаваліся непатрэбным нутраным змаганнем, і толькі праз стагоддзе грэка-каталіцтва стала верай бальшыні беларусаў. Бадай, толькі для гаспадарчага развіцця канец ХVІ - першая палова ХVІІ стагоддзя сталі найлепшымі часамі. Шматкроць павялічылася колькасць гарадоў і мястэчкаў, з'явіліся новыя рамёствы, была праведзеная аграрная рэформа, актывізаваўся гандаль. Беларускія майстры карысталіся аўтарытэтам далёка за межамі нашай дзяржавы, іх вырабы экспартаваліся ў Эўропу і Азію. Але ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя Беларусь скаланулі небывалыя датуль войны і знішчэнні. Спачатку занялося паўстанне ўкраінскіх казакоў на чале з Багданам Хмяльніцкім, полымя якога ахапіла таксама поўдзень ды ўсход Беларусі. Скарыстаўшы момант, Маскоўскае царства развязала вайну з Рэчай Паспалітай, супраць якой неўзабаве выступіла і Швецыя. Масква кінула асноўныя сілы на Беларусь. Вялікае Княства проста не мела такога войска, каб абараніцца ад стотысячнай арміі цара Аляксея Міхайлавіча. Захапіўшы Беларусь, маскоўскія ўлады ператваралі нашыя землі ў свае правінцыі. Жыхароў забіралі ў палон у сваё царства, дабро вывозілі, вёскі палілі, гарады разбуралі. Здзекі і гвалт чужынцаў выклікалі шырокі народна-вызвольны рух, які стаў пачаткам традыцыі беларускай народнай партызанкі. Нацярпеўшыся, просты люд чынна дапамагаў рэгулярнаму войску вызваляць сваю зямлю. Вайна прывяла Беларусь да эканамічнай і дэмаграфічнай катастрофы (з прыкладна 2 мільёнаў 900 тысяч чалавек засталося ўсяго 1 мільён 350 тысяч). Колькасць насельніцтва не магла аднавіцца цэлае стагоддзе. Знясілены і зруйнаваны край ужо не выяўляў супраціву паланізацыі. У 1696 годзе польская мова была абвешчаная афіцыйнай мовай Вялікага Княства. Умацаваўшыся, Расея метадычна выкарыстоўвала нутраныя звадкі ў Рэчы Паспалітай дзеля яе далейшага аслаблення. Ужо Пётр І стаў адкрыта мяшацца ў яе ўласныя справы. Імперыя не дапускала ніякіх рэформаў у паралізаванай бязладдзем дзяржаве. Урэшце, змовіўшыся між сабою, Расея, Прусія і Аўстрыя, гэтыя «тры каранаваныя разбойнікі», ажыццявілі падзелы Рэчы Паспалітай, падзяліўшы ўсю яе тэрыторыю. У выніку гвалту, пасля задушэння вызвольнага паўстання Касцюшкі Беларусь была ператворана ў расейскую калонію. Генадзь САГАНОВІЧ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|