Студзень 1564. Разгром маскоўцаў на рацэ Уле
Захапіўшы беларускае Прыдзвінне, маскоўцы ўвялі жорсткія акупацыйныя парадкі. Сялянаў і месцічаў гналі ў Маскоўшчыну або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў. Даведаўшыся пра непрыхільнасць да новае ўлады, царскія ваяводы пасылалі карныя атрады, якія знішчалі цэлыя вёскі, не літуючы ні жанчын, ні дзяцей. Заваёўнікі занеслі з сабою чуму, што пачалася ў 1563-м і касіла людзей чатыры гады. У рукі да ворагаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора. Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і колішнія вольнасці, царскія служкі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. Магчыма, якраз тады Беларусь страціла бясцэнны Полацкі летапіс. Пад маскоўскія гарнізоны ў Прыдзвінні ўзводзіліся новыя замкі. Аўтар «Запісак пра Маскоўскую вайну» Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў: «На пскоўскай дарозе на паўвыспе паміж рэкамі Дрысаю і Нішчаю супроць літоўскіх фартэцаў Дзісны і Дрысы маскавіты пабудавалі фартэцы: Сокал і Нешчарду на возеры з тым жа назовам, Сітна па дарозе на Вялікія Лукі; потым Каз'ян на рацэ Обалі і Ўсвят на суднаходнай рацэ таго сама назову, што зліваецца з Дзвіною каля Суража. Каз'ян супроцьстаяў Уле, Усвят - Віцебску і Суражу. На левым баку Дзвіны цар пабудаваў у вусці аднайменнай ракі Туроўлю, а на месцы вельмі ўмацаваным і абваколеным з усіх бакоў вадою (на возеры Суша за трыццаць вёрстаў ад Туроўлі) узведзена фартэца Суша, што пагражае Літве. Апрача таго, ён дадаў да пералічаных замкаў Красны, які таксама ляжыць на высокім месцы ў кірунку да Літвы». Паслам вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, якія прыехалі ў Маскву падпісаць замірэнне, Іван ІV паставіў загадзя невыканальную ўмову - вярнуць Інфлянты (Лівонію) і Полацкую зямлю. Між тым у часе перамоваў царскія палкі ўжо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і Смаленску ў новы паход. Вайна, якая з Інфлянцкай ператварылася ў Полацкую, працягвалася. Полацкаму намесніку Пятру Шуйскаму было наказана выступіць да Воршы і, сустрэўшыся паблізу яе з ваяводамі Сярэбранымі-Абаленскімі, «выпальваючы Літву», ісці на Менск і Новагародак. Шуйскі з 25-тысячным войскам рухаўся, быццам па сваёй зямлі, - дазоры наперад не пасылаў, панцыры і зброю вёз на санях - і быў за гэта жорстка пакараны. Даведаўшыся пра рух непрыяцеля, наш вялікі гетман Мікалай Радзівіл, што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і на беразе Улы каля вёскі Іванск (цяпер у Чашніцкім раёне) раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні стаць у палкі. Сеча доўжылася пяць гадзін, а надвечар маскоўцы, кінуўшы абоз, пабеглі. Нашы ваяры да глыбокае ночы ў месяцавым святле пераследвалі і дабівалі захопнікаў. Радзівілу чынна дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага. Ад куляў, шабляў і дзідаў на берагах Улы палегла дзевяць тысяч маскоўцаў і столькі ж патанула. Як сведчыць польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі, мноства чалавечых костак на месцы бітвы можна было ўбачыць яшчэ праз дваццаць гадоў пасля яе. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў. Цела князя Шуйскага знайшлі ў рацэ. Радзівіл урачыста ўехаў на ягоным кані ў Вільню, а царскага ваяводу з пашанаю пахавалі там у царкве Багародзіцы. Бліскучая перамога на Уле сарвала планы царскіх ваяводаў зрабіць паход углыб Вялікага Княства Літоўскага і змусіла іх павярнуць свае палкі ад Воршы назад. Раз'ятраны разгромам на Уле і ўцёкамі свайго былога паплечніка князя Андрэя Курбскага, Іван Жахлівы шукаў палёгкі ў расправе над полацкім палонам. Аднаго разу проста ад бяседнага стала цар і застоліца кінуліся ў крамлёўскія сутарэнні, дзе сядзелі вязні. Здаволіліся адно тады, як зарэзалі болей за сотню бяззбройных знясіленых людзей, а потым вярнуліся да хмяльных сталоў - дапіваць. Вядома, што ў той разні полацкі шляхціч Быкоўскі выхапіў у цара з рук дзіду, але сілаў на тое, каб адправіць яго ў магілу, ужо не хапіла. Увосень таго ж 1564 года да Полацка падступіла нашае войска на чале з Радзівілам і Курбскім. На прапанову здавацца новы царскі ваявода Пётр Шчанятаў, ведаючы, што да яго ідуць палкі з Вялікіх Лукаў, адказаў гарматнымі стрэламі. Баючыся акружэння, гетман зняў аблогу і пераправіўся на левабярэжжа. Пасля гэтага на працягу пятнаццаці гадоў значных баявых дзеянняў у полацкім наваколлі не было. Час ад часу адбываліся адно памежныя сутычкі. Атрад Бірулі, напрыклад, разбіў пад пабудаваным маскоўцамі замкам Сітна чатыры сотні стральцоў, захапіў шмат пораху, куляў і 120 цяжкіх стрэльбаў-гакаўніц, а саму фартэцу спаліў. Зацішша доўжылася, пакуль у снежні 1576 года вялікім князем літоўскім не быў абраны сямігародскі ваявода вугорац Іштван Баторы, або, як яго называлі беларусы, Сцяпан Батура, - выдатны палітык і таленавіты ваявода. Стаўшы на чале дзяржавы, ён прысягнуў заўсёды асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя маскоўскімі царамі землі.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|