1562. Сымон Будны распачынае ў Нясвіжы выданне сваіх кніг на роднай мове
Дата нараджэння Буднага дакладна невядомая, лічыцца, што гэта адбылося каля 1530 года. У чатырнаццацігадовым узросце будучы знакаміты мысляр-гуманіст паступіў на факультэт вольных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта. Правёўшы ў ягоных сценах блізу дзесяці гадоў, Будны атрымаў выдатную адукацыю. На старонках ягоных твораў чытач сустракаецца з імёнамі Арыстотэля і Плятона, Дэмасфена і Цыцэрона, Вергілія і Гарацыя, Ціта Лівія і Плінія Старэйшага, Эразма Ратэрдамскага, Францішка Скарыны, Івана Фёдарава... Магчыма, пасля Кракава ён скончыў яшчэ тэалагічны факультэт пратэстанцкага Базэльскага ўніверсітэта. У 1558 годзе Сымон Будны прыехаў у Вільню і стаў катэхізістам - пратэстанцкім настаўнікам, які па нядзелях, аўторках, пятніцах і святочных днях па-беларуску выкладаў дарослым і дзецям асновы рэфармацыйнага вучэння. Выявіўшы бліскучыя здольнасці, праз два гады ён атрымаў падвышэнне - пасаду прапаведніка ў Клецку. Тут Будны намерыўся заняцца яшчэ і друкаванай прапагандаю ідэяў гуманізму і Рэфармацыі. Разам з нясвіжскім старастам Мацеем Кавячынскім і кальвінісцкім прапаведнікам Лаўрэнам Крышкоўскім з фінансавай падтрымкаю беларускіх магнатаў Астафея Валовіча і Мікалая Радзівіла Чорнага Будны заснаваў у 1562 годзе ў Нясвіжы адну з першых у Беларусі друкарняў. Сюды з Вільні быў перавезены шрыфт, якім у свой час карыстаўся Скарына. Пры друкарні была, дарэчы, збудаваная і паперня. Поўны назоў першай кнігі Буднага, што выйшла з нясвіжскай друкарні 10 чэрвеня 1562 года, чытаецца так: «Катехисис, то ест наука стародавная христианская от светого писма, для простых людей языка руского, в пытаниях и отказех собрана». Аўтар «Катэхізіса» выклаў свае тагачасныя рэлігійна-філасофскія, палітычныя і педагагічныя ідэі. «Каждый господар, - пісаў ён, - цар ли, княз ли, воевода ли, или боярин, или мещанин, кто бы только мел подданных, повинен им сие три речи: напервей выхованье, потом науку, а третье наказанье». Бачачы пагрозу паланізацыі, філосаф рашуча выступіў у абарону беларускай мовы. У «Посвящении» да «Катэхізіса» ён звяртаецца да князёў Радзівілаў з такімі словамі: «Абы ваши княжацкие милости не только в чужеземских языцех кохали, але, бы ся теж и того здавна славного языка словенского розмиловати и оным ся бивити рачыли. Слушная бо реч ест, абы ваши княжацкие милости того народу языка миловати рачили, в котором давные предки отци ваших княжацких милости славные преднейшие преложенства несуть». У тым жа 1562 годзе з нясвіжскага друкарскага варштата сышоў яшчэ адзін беларускамоўны твор Буднага - «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам», які да нашых дзён не захаваўся. Неўзабаве Будны становіцца адным з ідэйных правадыроў беларускай Рэфармацыі і ўзначальвае яе радыкальную плынь - так званых антытрынітарыяў. Яны, вядомыя яшчэ як «літоўскія браты» і арыяне, выступалі супроць бальшыні царкоўных абрадаў і догматаў, адмаўлялі Святую Тройцу, не верылі ў замагільны свет і неўміручасць душы. Адстойваючы свае погляды, Будны разгарнуў чынную літаратурна-публіцыстычную і выдавецкую дзейнасць. Велізарных намаганняў патрабаваў ад яго і пераклад на польскую мову Бібліі, які выйшаў у свет у 1572 годзе. Па смерці Мікалая Радзівіла Чорнага Будны знаходзіць сабе новага магутнага апекуна і брата па веры - беларускага магната Яна Кішку. У сваім замку ў Лоску гэты мецэнат стварае друкарню і робіць свайго падапечнага яе паўнапраўным гаспадаром. Тут Сымон Будны выдае шэраг кніг, сярод якіх Новы запавет з прадмоваю і каментарамі, трактаты «Аб дзвюх прыродах Хрыста», «Аб свецкай уладзе», «Аб галоўных палажэннях хрысціянскай веры». Філосаф выступае за творчую свабоду асобы і супроць рэлігійнага фанатызму, піша пра неабходнасць засваення культуры іншых народаў і выкрывае праваслаўных дзеячоў, што адмяжоўваліся ад здабыткаў заходнеэўрапейскай навукі і асветы. Ён перакладае з французскай мовы і друкуе кнігу «Пра фурый, або Французскія вар'яцтвы», дзе апавядалася пра жудасныя падзеі Варфаламееўскай ночы, калі каталікі выразалі тысячы пратэстантаў. Пераклад гучыць як папярэджанне грамадству Вялікага Княства Літоўскага, у якім таксама ішла рэлігійная барацьба. Высокую адзнаку адукаваных чытачоў атрымліваюць і пазначаныя несумненным літаратурным талентам вершы Буднага. Пры канцы жыцця мысляр разышоўся ў поглядах з былымі паплечнікамі. Ён даказваў, што валоданне ўласнасцю, праца на дзяржаўных пасадах, удзел у войнах не пярэчаць духу Эвангелля. За гэта «літоўскія браты» выключылі Буднага з сваёй супольні. Ён мусіў пакінуць Лоск, жыў у розных выпадковых мецэнатаў і ў 1593 годзе ў беларускім мястэчку Вішнева сустрэў сваю смерць. У Нясвіжы захаваўся будынак, дзе месцілася друкарня Сымона Буднага. Непадалёку ад яго стаіць помнік выдатнаму гуманісту і асветніку.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|