6 жніўня 1517. Францішак Скарына выдаў у Празе першую друкаваную беларускую кнігу
У прадмове да гэтай кнігі, якая называлася «Псалтыр», ён пісаў: «І відзячы такавыя пажыткі ў так малой кнізе, я, Францішак Скарынін сын з Полацка, у лекарскіх навуках доктар, павялеў Псалтыру ціснуці... наперад ка чці і к пахвале Богу ў тройцы адзінаму і прачыстай яго мацеры Марыі... а потым к пажытку паспалітага, добрага, наболей з тое прычыны, іжэ мя міласцівы Бог з таго языка на свет пусціў». Ён пакінуў нашчадкам перакладзеныя на блізкую да народнай мову біблейныя кнігі і гэтым увёў Беларусь у агульнаэўрапейскую цывілізаваную сям'ю. Ён застаўся ў гісторыі як беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар. Як наш першы пісьменнік - празаік і паэт - што служыў не эліце або нейкаму аднаму саслоўю, а ўсяму народу. Як гуманіст, што пакінуў надзвычай сугучны нашаму часу запавет: «Тое чыніці іншым ўсім, што самому люба ёсць ад іных ўсіх. І таго не чыніці іным, чаго сам не хошчашы ад іных меці. Такі закон прыроджаны, напісаны ёсць у сэрцы адзінага кажнага чалавека». Застаўся, як выдатны перакладнік з некалькіх старажытных і новых моваў. Як рэдактар і выдавец, што дасягнуў найвялікшай суладнасці слова і друкарскага мастацтва. Як патрыёт, пяру якога належыць сама прачулы за ўсю беларускую гісторыю, геніяльна просты хваласпеў любові да Бацькаўшчыны: «Панежэ ад прыраджэння звяры, ходзячы ў пустыні, знаюць ямы свае, птушкі, лётаючы па воздуху, ведаюць гнёзды свае, рыбы, плаваючы па моры і ў рэках, чуюць віры свае, пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае,... так і людзі, дзе зрадзіліся і ўскормлены суць па Бозе, к таму месту вялікую ласку імаюць». Як волат усяго эўрапейскага Адраджэння, што не толькі стаў упоравень з сваімі сучаснікамі Эразмам Ратэрдамскім або Марцінам Лютэрам, але ў нечым і апярэдзіў іх. Скарынава Біблія выйшла ў свет раней за нямецкую Лютэраву. Кніга кніг выдатнага палачаніна стала першай друкаванаю Бібліяй ва ўсходне- і паўднёваславянскіх народаў. Яна з'явілася амаль на паўстагоддзя раней за польскую Біблію і на 47 гадоў раней за «Апостала» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Сын народа, што жыве на эўрапейскім памежжы, ён геніяльна знітаваў ў сваёй творчасці традыцыі візантыйскага Ўсходу і лацінскага Захаду. Ён аздобіў свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць тагачаснае беларускае жыццё - побыт, адзенне, тэхніку будоўлі. Смела адступаючы ад канонаў, ён падаў у Бібліі ўласны партрэт. Нават самога Бога чытачы ўбачылі без узаконенага царкоўнымі ўладамі німба. За парушэнне царкоўных правілаў выдання Бібліі Скарыну маглі б не меней за трынаццаць разоў спаліць на вогнішчы як ерэтыка. Галоўным жа «злачынствам» быў сам яе пераклад дзеля таго, каб натхнёную Богам, але чалавечую кнігу мудрасці мелі магчымасць чытаць усе. Скарынава жыццё было напоўненае падарожжамі па Эўропе, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі. У ім адбілася ўся тая вірлівая, авантурная і ўзнёслая эпоха. Ён сустракаўся з Лютэрам і дыскутаваў у Вільні з сусветна вядомым медыкам і алхімікам Парацэльсам. Быў сакратаром і прыдворным лекарам у віленскага біскупа Яна. Запрашаўся на службу да апошняга магістра Тэўтонскага ордэна Альбрэхта Брандэнбургскага, які надаў яму шляхоцтва. Браў удзел у складанні Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года. Імкнучыся пашырыць святло навукі сярод блізкіх па крыві ўсходніх суседзяў, ён прывёз вялікую партыю сваіх выданняў у Маскву, прапанаваў тамтэйшым свецкім і духоўным валадарам наладзіць кнігадрукаванне і замест удзячнасці ўбачыў, як на загад вялікага князя маскоўскага з ягоных кніг склалі вялізнае вогнішча. За братавы даўгі крэдыторы пасадзілі Скарыну ў турму, адкуль яго вызваліў сам вялікі князь Жыгімонт Стары. На знак прызнання заслугаў вучонага палачаніна перад Айчынаю манарх даў яму адмысловы прывілей: «няхай ніхто, апрача нас саміх або спадкаемцаў нашых, не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд... няхай ніхто не адважыцца затрымліваць або арыштоўваць яго самога ці ягоную маёмасць пад страхам цяжкага пакарання... Дайце названаму доктару Францішку, якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць прыгаданымі вышэй правамі, ільготамі і прывілеямі. Забараняю наогул умешвацца ў яго справы, учыняць яму які-небудзь гвалт, змушаць да выканання нейкіх павіннасцяў ці гарадскіх службаў нароўні з іншымі жыхарамі таго горада, які ён сам абярэ для жыцця». Такім горадам неўзабаве пасля вяртання з вязніцы на волю для Францішка Скарыны стала Прага, дзе ён і скончыў свой зямны шлях, пакінуўшы па сабе мноства таямніцаў. Дагэтуль дакладна невядома ні калі ён прыйшоў на свет, ні калі навекі заручыўся з зямлёю. Невядома, у каго ён працаваў сакратаром перад экзаменам на годнасць доктара медыцыны ў Падуанскім універсітэце - у караля Даніі ці ў гаспадара Дакіі (Валахіі)? Невядома, хто ствараў для ягоных кніг гравюры. (Некаторыя даследнікі лічаць, што першадрукар быў і выдатным мастаком.) Вучоныя спрачаюцца пра ягонае веравызнанне, пра час паступлення ў Кракаўскі ўніверсітэт, пра тое, хто ж у сапраўднасці займаў у чэшскага караля пасаду садоўніка - Францішак Скарына ці італьянец Франчэска Банафардэ... 1990 год ЮНЕСКО абвясціла годам Скарыны. Ягонае 500-годдзе адзначалася ў Беларусі, у Летуве і Латвіі, у Злучаных Штатах Амэрыкі і Аўстраліі, у Расеі і Польшчы - паўсюль, дзе жывуць беларусы, дзе ведаюць пра слаўны вычын нашага земляка.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|