1492. Першая вайна Маскоўшчыны з Вялікім Княствам Літоўскім
Пры канцы ХV стагоддзя аб'яднаная і моцная Маскоўская дзяржава ўсутыч падышла да межаў Вялікага Княства Літоўскага. У зацятым процістаянні Вільня пачала страчваць ініцыятыву яшчэ на пачатку панавання Казіміра Ягайлавіча, калі той падпісаў з Масквой «вечны мір» у 1449 годзе. Паводле дамовы наша дзяржава адмаўлялася ад актыўнай ролі на сумежных землях. Вось жа дзякуючы такой пазіцыі Вільні маскоўскі валадар неўзабаве падпарадкаваў Цвер, пасля Разань. Ноўгарад Вялікі сам прасіў у Казіміра Ягайлавіча дапамогі, калі Масква яго занявольвала, але той нічога не зрабіў для падтрымкі Ноўгарадскай рэспублікі. У 1480-х гадах служылыя людзі Маскоўскай дзяржавы без абвяшчэння вайны пачалі пустошыць суседнія воласці Вялікага Княства Літоўскага. Маскоўскі валадар Іван ІІІ, які пасля шлюбу з Соф'яй Палеалог пераняў у візантыйскіх цэсараў і герб (двухгаловага арла), і палітычную дактрыну, адкрыта запатрабаваў ад вялікага князя Казіміра «Полацка, Віцебска, Смаленска і ўсіх іншых земляў рускіх». Масква абвяшчала сябе адзінай пераемніцай былой Русі ды бралася «збіраць» усе ўсходнеславянскія землі. Іван ІІІ рыхтаваўся да адкрытай вайны і сачыў за справамі ў нашай краіне. Як толькі памёр Казімір Ягайлавіч, улетку 1492 года на захад рушылі маскоўскія ваяводы. Скарыстаўшы зручны момант, яны занялі Мцэнск, Любуцк, Масальск, Сярпейск, Вяземшчыну. Абараняць іх не было сілаў. Смаленскі ваявода Юры Глябовіч здолеў-такі вярнуць некалькі захопленых гарадоў, аднак у 1493 годзе маскоўскае войска зайшло яшчэ далей. Іван ІІІ прасіў свайго хаўрусніка крымскага хана нанесці ўдар па Вялікім Княстве з поўдня, а да мазавецкага князя і магістра Тэўтонскага ордэна накіраваў паслоў дзеля ўтварэння ваеннага блоку супраць Ягайлавічаў. Вайна была зусім нечаканай для нашага гаспадарства, якое спадзявалася на трываласць «вечнага міру» з Масквой. Каб перапыніць агрэсію, новы вялікі князь Аляксандар паслаў да Івана ІІІ сваіх упаўнаважаных са скаргамі і прапановамі. У хана Заволжскай Арды і караля Польшчы ён прасіў дапамогі, крымскага хана спрабаваў схіліць на свой бок, аднак ніхто не спяшаўся заступіцца за Вялікае Княства Літоўскае. Толькі ў 1494 годзе віленскім паслам удалося падпісаць замірэнне з маскоўскім валадаром. Паводле дамовы Вільня страчвала на карысць Масквы вялізныя тэрыторыі, у прыватнасці Вязьму і землі на вышнявінах Акі. Мірнае пагадненне было замацавана шлюбам Аляксандра з Іванавай дачкой Аленай. Здавалася, сваяцтва манархаў палепшыць узаемадачыненні дзяржаваў, аднак гэты шлюб толькі ўскладніў іх. Іван ІІІ рыхтаваўся да новай вайны, спрабаваў уплываць на Аляксандра як на свайго зяця ды скіроўваў на Вялікае Княства крымскіх татараў. Урэшце, спасылаючыся на пераслед тут праваслаўнай царквы, у 1500 годзе Іван ІІІ яшчэ да абвяшчэння вайны накіраваў на яе сваіх ваяводаў. Шматтысячнае войска заняло Бранск, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, іншая групоўка здабыла Дарагабуж і збіралася ісці на Смаленск, а з Вялікіх Лукаў на Тарапец рушыла трэцяя маскоўская армія. Падбухтораныя Іванам ІІІ, з поўдня наляцелі крымскія татары, якія спустошылі Берасцейшчыну, спалілі пасады Берасця і Камянца. У гэтай крытычнай сітуацыі насустрач маскоўскім ваяводам паспяшаўся найвышэйшы гетман Канстанцін Астрожскі. За Смаленскам ён даведаўся, што вораг мае 40-тысячнае войска, а ў гетмана было толькі блізу чатырох з паловай тысячаў. І ўсё ж трэба было бараніць межы. «Мала ці многа маскавітаў будзе, ды толькі ўзяўшы Бога ў падмогу біцца з імі, а не біўшыся - назад не вяртацца», - цвёрда вырашыў Астрожскі ды пайшоў на маскоўскае войска. Трагічная бітва адбылася 14 ліпеня 1500 года каля рэчкі Ведраша, за Дарагабужам. Харугвы Астрожскага напачатку нават паціснулі маскоўскую конніцу, аднак дыспрапорцыя сілаў была занадта вялікая. У няроўнай сечы палеглі амаль усе, хто прыйшоў з Астрожскім да Ведрашы, а сам гетман трапіў у палон. Вялікае Княства пацярпела першую ў палявой бітве адчувальную паразу ад Масковіі. Просячы дапамогі, Аляксандар рассылаў паслоў да валадароў іншых дзяржаваў - заволжскага хана, маскоўскага гаспадара, інфлянцкага магістра, сваіх братоў караля польскага Яна Альбрэхта і караля вугорцаў ды чэхаў Уладзіслава, аднак рэальную падтрымку ён атрымаў толькі ад Інфлянцкага ордэна, які ўступіў у вайну супроць Масквы. Маскоўскія ваяводы з вялікімі сіламі ўрываліся ў Беларусь і пустошылі землі Амсціслаўшчыны, Віцебшчыны і Полаччыны, палілі Воршу ды іншыя гарады. Толькі ў 1503 годзе, стаміўшыся, Іван ІІІ пайшоў на замірэнне. Паводле падпісанай дамовы, да Маскоўскай дзяржавы адышлі вялікія абшары з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Ноўгарад-Северскі, Рыльск, Любеч, Пуціўль, Хоцімск, Бранск, Любуцк, Дарагабуж, Невель, Вяліж ды іншымі. Як адзначыў у сваёй «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» Аляксандар Гваніні, «за адзін ваенны паход і за адзін год Масквіцін захапіў усё тое, што шмат гадоў і з вялікімі цяжкасцямі здабываў вялікі князь літоўскі Вітаўт». Гэтак трагічна пачалося ХVІ стагоддзе для Вялікага Княства - абарончымі войнамі супроць Маскоўшчыны, стратай вялікіх тэрыторый, спусташэннямі воласцяў і знішчэннем гарадоў.
Генадзь САГАНОВІЧ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|