1314. Знішчэнне нямецкіх рыцараў Давыдам Гарадзенскім
Калі рыцары Тэўтонскага ордэна паканалі прусаў, дык адразу ж рушылі на землі Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку на Беларускае Панямонне. Ужо ў 1284 годзе рыцары з'явіліся пад Горадняй, штурмам здабылі замак і спалілі горад. У 1295-м крыжакі напалі на Горадню і Новагародак, у 1305 і 1306 гадах ізноў прыходзілі ваяваць Горадню, а ў 1311-м - урываліся двойчы. Пад час сваіх рэйдаў рыцары пустошылі вялікія абшары, забіралі людзей і жывёлу. У адказ наша дзяржава арганізоўвала паходы на тэрыторыю Прусіі. Прыкладам, у 1311 годзе вялікі князь Віцень павёў палкі далёка ў глыбіню ордэнскіх уладанняў, але гэты паход скончыўся няўдала. З пачатку ХІV стагоддзя націск нямецкіх рыцараў на Вялікае Княства нарастаў. Беларускае Панямонне, якое цярпела ад іх асабліва часта, займела тады свайго абаронцу - гарадзенскага старасту Давыда. Сын славутага Даўмонта, Давыд ад прыроды быў адораны незвычайным ваенным талентам і пагэтаму стаў адным з сама блізкіх паплечнікаў вялікага князя. Кіруючы Горадняй, Давыд шматкроць сустракаў пад мурамі гарадзенскага замка нямецкіх рыцараў, неаднаразова граміў іх на сваёй зямлі і вадзіў дружыны ва ўладанні тэўтонцаў. Адну з найлепшых акцыяў супроць крыжакоў ён правёў у 1314 годзе. Таго году тэўтонскія рыцары ажно тройчы хадзілі на Вялікае Княства Літоўскае. Першым разам яны дасягнулі Меднікаў ды там і спыніліся нанач, нічога не прадчуваючы, калі ў начной цемры на іхны лагер напала нашае войска і шмат нашкодзіла. За тое рыцары жорстка помсцілі - палілі вёскі, хапалі людзей і 700 чалавек павялі ў няволю. Другім разам крыжакі хадзілі на адзін з замкаў Вялікага Княства, але залога надта добра баранілася, і яны, пастаяўшы, вярнуліся з мілым ліхам. Нарэшце, у верасні 1314 года сам маршал Тэўтонскага ордэна ўзначаліў буйны аддзел рыцараў, які рыхтаваўся ўварвацца ў Панямонне праз знаёмыя гарадзенскія мясціны. З чатырохтыднёвым запасам прадуктаў крыжакі рушылі на Горадню. Паход ад пачатку быў надзвычай цяжкі. Ісці давялося праз балоты, шматлікія рэчкі і непралазныя лясы. Гарадзенцы ведалі пра набліжэнне рыцараў і, калі тыя прыйшлі, замак, які абараняла войска Давыда, быў непрыступны. Паваяваўшы ваколіцы, маршал вырашыў весці войска «ў край Крывічоў» - на Новагародчыну. Каб мець харч на зваротны шлях і не абцяжарваць рух аддзелу, ён загадаў скласці прадуктовыя запасы і ўсё нарабаванае ў двух месцах гарадзенскай пушчы. Ахоўваць гэтыя склады засталіся значныя сілы рыцараў. Як толькі крыжакі адышлі на Новагародчыну, яны пашкадавалі, што пакінулі свае запасы ў пушчы. Край быў нібы вымерлы: мясцовыя жыхары пахаваліся ў багнах і лясах, не пакінуўшы ў вёсках нічога, чым рыцары маглі б пажывіцца. Новагародак быў таксама малалюдны. Без асаблівых цяжкасцяў захапіўшы яго, раззлаваныя крыжакі выпалілі горад дазвання і спустошылі ваколіцы. Ад Новагародка маршал павёў рыцараў на замак Крывіч, што стаяў над Нёманам, аднак і там яны нічога не здабылі. Залога мужна адбівалася, а крыжакі неслі страты і цярпелі голад. Заставалася хутчэй вяртацца да схаваных запасаў. Які жах апанаваў нямецкае рыцарства, калі на месцы і першага, і другога склада яны знайшлі толькі пабітую варту! У выніку захадаў Давыда Гарадзенскага ў ваколіцах таксама нельга было знайсці ніякай жыўнасці. Гэтак без бітваў вялікае крыжацкае войска было зможанае ў зямлі, якую прыйшло ваяваць. Мала хто з рыцараў дайшоў да Прусіі.
Генадзь САГАНОВІЧ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|