ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ
Традыцыйна беларускія землі былі слаба звязаныя з старажытным цэнтрам усходніх славянаў Кіевам, падпарадкаваным татарамі ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя. Затое з суседнімі балцкімі плямёнамі палачане і жыхары Панямоння мелі даўны вопыт шчыльных кантактаў. У басейне Дзвіны і Нёмана паміж імі яшчэ не было выразнай этнічнай мяжы. Усходнеславянскае насельніцтва тут жыло ўперамежку з балцкім, арыстакратыя практыкавала міжэтнічныя шлюбы, і князі ўсходнеславянскага паходжання маглі мяняцца на балцкіх. Таму аб'яднанне раздробленых земляў у адну дзяржаву пры пагрозе нападу азіяцкіх качэўнікаў стала натуральнай з'явай. Яно адпавядала інтарэсам князёў і баярства не толькі этнічна балцкіх тэрыторый, але і суседніх, усходнеславянскіх гарадоў ды княстваў, а галоўнае - абапіралася на адпаведны гістарычны досвед гэтага рэгіёна. З летапісаў вядома, што прыкладна з 1235 года недзе паміж Вяллёй і Нёманам існавала «Літва Міндоўга». Міндоўг захапіў там уладу ў свае рукі - «пачаў княжыці адзін ва ўсёй зямлі Літоўскай». Крыху пазней улада гэтага балцкага князя пашырылася на сумежныя тэрыторыі Беларусі, найперш на Панямонне - Чорную Русь з гарадамі Новагародак (пазней Наваградак), Ваўкавыск, Горадня, Здзітаў і Слонім. Няма ніякіх сведчанняў гвалтоўнага падпарадкавання гэтай зямлі. У Наваградку, які стаў першай сталіцай Вялікага Княства, Міндоўг заняў княскі пасад са згоды мясцовага насельніцтва. У гэтым жа беларускім горадзе ён быў ахрышчаны і каранаваны. Праз колькі пакаленняў у заснаваную Міндоўгам новую дзяржаву ўваходзіла большая частка сучаснай тэрыторыі Беларусі, а да канца ХІV стагоддзя вакол Вільні без гвалту злучыліся ўжо практычна ўсе этнічна беларускія землі. Пад ціскам Тэўтонскага ордэна вялікі князь Ягайла мусіў пайсці на хаўрус з Польшчай. Падпісаная ў Крэве персанальная вунія (пасад вялікага князя і караля займала адна асоба) адкрывала просты шлях польскім уплывам на Беларусь, але яна не касавала асобнай дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага. У выніку аб'яднання сілаў удалося разграміць прускіх рыцараў пад Дуброўнаю (Грунвальдам) ды спыніць нямецкую экспансію на ўсход. І пасля грамадзянскага закалату 1432-1436 гадоў, інспіраванага малапольскімі магнатамі, Беларусь упершыню больш як паўстагоддзя не ведала войнаў. Канец ХV-ХVІ стагоддзе сталі Залатым векам беларускай культуры. Дзякуючы Францішку Скарыну беларусы першымі з усходніх славянаў займелі сваю друкаваную кнігу. Справу Скарыны працягвалі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Славутай «Песняй пра зубра» Мікола Гусоўскі заснаваў лацінамоўную літаратуру Беларусі. У нас былі распрацаваныя і напісаныя па-беларуску Статуты - ці не найбольш дасканалыя ў тагачаснай Эўропе зводы законаў. Высокага роўню дасягнула дойлідства, выяўленчае мастацтва, іншыя сферы культуры. Наагул дэмакратычнае і талерантнае Вялікае Княства перажывала лепшую пару сваёй гісторыі. Але з усходу на дзяржаву насоўвалася вялікая небяспека. Абвясціўшы сябе ўладарамі ўсяе Русі і прыкрыўшыся дактрынай «Масква - трэці Рым», маскоўскія манархі ўзяліся ажыццяўляць свае захопніцкія планы. З канца ХV cтагоддзя Масква развязвала вайну за вайной супраць Вялікага Княства Літоўскага: 1492-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522... Для Беларусі, землі якой цярпелі найбольш, гэтыя войны былі абарончыя. Ваенныя страты, спусташэнні, вывад мясцовых людзей у чужую няволю - усё гэта непазбежна тармазіла развіццё краіны. Цяжар сама працяглай вайны, калі цар Іван Жахлівы заняў паўночную Беларусь, падштурхнуў Вялікае Княства да яшчэ цяснейшага збліжэння з Польшчай, якое спарадзіла новыя праблемы беларускай гісторыі. Генадзь САГАНОВІЧ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|