980(?) «Крывавае вяселле» Ўладзіміра з Рагнедай
На трывалы хаўрус з маладой Полацкай дзяржаваю мог найперш разлічваць той, хто возьме за жонку дачку полацкага валадара Рагвалода Рагнеду. Спачатку Полацак прымаў сватоў ад кіеўскага князя Яраполка. Рагвалоду найлепей было б, каб Кіеў ды Ноўгарад варагавалі, а ён тым часам пашыраў межы княства ды выходзіў на волакі, што злучалі Дзвіну з Ловаццю, дазваляючы трымаць у руках важную частку гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Але ў такім разе Полацак мог апынуцца паміж двух агнёў. Князь мусіў выбіраць, і аддаў сваю прыхільнасць мацнейшаму, на ягоную думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім вяку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і пачала рыхтавацца да вяселля. І тут неспадзеўкі заявіліся сваты з Ноўгарада, ад Уладзіміра Святаславіча. Вось што апавядае пра гэта Лаўрэнцеўскі летапіс: «Калі Рагвалод трымаў уладу і княжыў у Полацку, Уладзімір быў яшчэ дзіцём і паганінам і жыў у Ноўгарадзе. І меў ён дзядзьку Дабрыню, храбрага ваяводу... І паслаў той да Рагвалода людзей, і прасіў яго аддаць дачку за Ўладзіміра. Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу». «Не хачу разуці» - тагачасная форма адмаўлення сватам. Існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і знявага, бо полацкая князёўна гучна абвясціла: жаніх - сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба. Далей летапісы кажуць пра гнеў Уладзіміра і ягонага дзядзькі, што сабралі з ноўгарадцаў, пскавічоў, чудзі, весі і меры, а таксама смаленскіх ды ізборскіх крывічоў вялізнае войска і рушылі на Полацак, дзе ўжо збіраліся выпраўляць Рагнеду ў Кіеў. З Уладзімірам ішла дружына варагаў. Князь паабяцаў ім усіх жанчын і грыўню срэбра з кожнага захопленага двара. Трэба зазначыць, што летапісцы часта рэдагавалі гістарычныя падзеі - рабілі іх больш рамантычнымі, набліжалі да літаратурнага твора. Напраўду галоўная прычына нападу на Полацак - не адмова сватам, а паход палачанаў на ноўгарадскія воласці з мэтаю забраць волакі. Недзе на падыходзе да горада варожую раць сустрэла Рагвалодава дружына. Уладзімір напаў раптоўна, і полацкі валадар не паспеў сабраць усе свае сілы. Нашы продкі былі разбітыя, князь уцёк у Полацак, ды не здолеў ні ўратавацца сам, ні выратаваць сям'і. «І паланілі Рагвалода, - піша летапісец, - і жонку ягоную і дачку. І зневажаў Дабрыня яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабынічам, і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і мацерай. Пасля ж Уладзімір забіў бацьку яе, а самую ўзяў за жонку. І назвалі Рагнеду Гарыславаю». Іншыя летапісцы дадаюць, што на вачах у князёўны правадыр чужынцаў пазбавіў жыцця яшчэ двух яе братоў і маці, вынішчыў увесь род. Драма на берагах Палаты адбылася блізу 980 года, а праз колькі месяцаў Уладзімір Святаславіч ужо забіў Яраполка і зрабіўся вялікім князем кіеўскім. Знаную палачанку ён пасяліў непаводдаль сталіцы ў вёсачцы, што потым людзі назавуць па імені Рагнедзінай дачкі - Прадславіна. Новы кіеўскі князь быў паганінам, а гэтая рэлігія дазваляла мнагажэнства. Апрача полацкай князёўны ён меў яшчэ сем ці шэсць жонак і трымаў дзеля штодзённых уцехаў васемсот наложніц. Рагнеда нарадзіла ад Уладзіміра сыноў Ізяслава, Яраслава (яго потым назавуць Мудрым), Мсціслава і дачок Прадславу і Праміславу. Князь жыў у Кіеве наездамі, у Прадславіна заяўляўся зусім рэдка. У Рагнедзінай душы спялілася прага помсты. «Аднаго разу, - сведчыць летапіс, - калі Ўладзімір прыйшоў да яе і заснуў, яна наважылася зарэзаць яго. І надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: «Ты бацьку майго забіў і зямлю ягоную паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем». І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб'е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. І дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навучыла: «Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут». І ўчыніў так Ізяслаў. Уладзімір жа прамовіў: «А хто ведаў, што ты тут». І апусціў ён меч і, склікаўшы баяраў, расказаў ім ўсё. Яны ж парадзілі: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім». І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. І з таго часу ўзнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых». Рагнеду з сынам чакала невядомае, небяспечнае ад мужавай няміласці жыццё на крывіцка-дрыгавіцкім памежжы, дзе стаяла сярод лясоў маленькае драўлянае Заслаўе. Уладзімір жа неўзабаве абвянчаўся з грэцкаю прынцэсаю Ганнай і ўзяўся прыводзіць да веры ў Хрыста падуладныя землі. Летапісцы паведамляюць, быццам перад сваім вянчаннем князь прапанаваў Рагнедзе выйсці замуж за аднаго з сваіх баяраў, ды ганарлівая княгіня вырашыла лепей прысвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі. Магло быць і іначай; Рагнеду зрабілі Хрыстовай нявестаю, не пытаючы яе згоды, а малога Ізяслава павезлі ў Полацак. Ізяслаў перажыў маці адно на колькі месяцаў. Такое супадзенне дае падставы лічыць, што Ўладзімір мог атруціць іх, каб не дазволіць Полацку ўзмацніцца, а старэйшаму сыну - прэтэндаваць калі-небудзь на кіеўскі княжы пасад. Даты ствараюць загадкавы ланцужок: 1000 год - памірае Рагнеда, 1001 - Ізяслаў, 1003 - малалетні Ўсяслаў Ізяславіч. «Бысть же сий князь, - паведамляе пра Ізяслава Ніканаўскі летапіс, - тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпив». Ізяслаў - першы з усходнеславянскіх князёў, каго летапісцы называюць кніжнікам. Менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з ягоным імем лічыцца сама даўным (пасля пасудзіны з надпісам «Гороушна», знойдзенай пад Смаленскам) помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх славянаў. Пра дзяржаўную дзейнасць Рагнедзінага сына нічога невядома. Ён застаецца ў гісторыі як першы беларускі асветнік і як князь, што аднавіў у старажытнай крывіцкай сталіцы полацкую дынастыю. Пачынаючы з яго, усе нашчадкі Рагвалода нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як астатнія «рускія» князі.
Уладзімір АРЛОЎ
|
| Далей | Назад | Зьмест | БПалічка |
|---|